Гарадзенскі гурт Earworm прэзентаваў апошні альбом “Last Cocktail”

|

Earworm пра новы альбом Last Cocktail:

 

– Наогул фінальнай кропкай у гісторыі нашага гурта павінен быў стаць папярэдні альбом Amber. У ім уся ідэя, якую мы хацелі данесці, як тады падавалася, раскрылася ў поўным аб’ёме. Гэта быў канец доўгага шляху, і нам неабходна было або спыніцца, або прыдумаць нешта новае (не граць жа другі дзясятак гадоў адно і тое ж). І мы сумленна спрабавалі, але не змаглі, некалькі гадоў пошуку не прынеслі жаданага выніку. Таму гурт спыніў сваё існаванне.

 

Чаму ж мы вырашылі выпусціць апошні альбом? Тут некалькі прычынаў. Па-першае, у нас нарэшце з’явілася прыстойнае месца, дзе мы самі, не прыцягваючы нікога збоку, маглі ад пачатку і да канца ўсё зрабіць. Цяпер усё гэта можна назваць студыяй гуказапісу «Нёман», хутка будуць іншыя рэлізы пад гэтай маркай, наш першы.

 

Па-другое, калі не хітраваць, то новы матэрыял з нашых пошукаў новага Earworm’а атрымліваўся выдатным і прасіўся быць зафіксаваным.

 

А па-трэцяе, хацелася проста прыгожа развітацца.

 

Мы вырашылі ўключыць у альбом дзве старыя, але трохі пераасэнсаваныя кампазіцыі. З адной альбом пачынаецца, мабыць, гэта сімвалізуе пераемнасць. А заканчваецца наш апошні альбом кампазіцыяй, з якой, у прынцыпе, пачынаўся наш бэнд. Атрымліваецца, што мы замкнулі кола. Гэта адная з нашых любімых кампазіцыйных схем.

 

Дзякуй, што былі з намі. Поспехаў у вашых пачынаннях!