Беларусы за паўгода пакінулі ў польскіх крамах амаль 150 млн долараў

Беларусы скарачаюць выдаткі ў польскіх крамах, гандлёвых цэнтрах і рынках. У першым паўгоддзі нашы суайчыннікі закупілі тавары ў суседняй краіне амаль на 576 мільёнаў злотых (амаль 290 мільёнаў дэнамінаваных рублёў, або 148 мільёнаў долараў). У параўнанні з мінулым годам выдаткі беларусаў у Польшчы скараціліся на 26%, паведаміў TUT.BY прэс-сакратар Мытнай палаты ў Беластоку Мацей Чарнецкі.


– На польскіх памежных пераходах з Беларуссю, размешчаных на тэрыторыі Падляшскага ваяводства, у студзені-чэрвені агулам зарэгістравалі 764 039 дакументаў Tax Free, – распавядае Мацей Чарнецкі. – Для параўнання: год таму іх было амаль на 95 тысяч больш.

 

Нагадаем, з 14 красавіка гэтага года ў Беларусі пачалі дзейнічаць новыя мытныя правілы. Цяпер, калі вы ездзіце за мяжу часцей, чым раз у тры месяцы, дадому можна ўвесці тавару на суму не больш за 300 еўра і вагой не больш за 20 кілаграмаў. За перавышэнне лімітаў прыйдзецца заплаціць пошліну. Не выключана, што гэта новаўвядзенне, як і зніжэнне рэальных даходаў насельніцтва, адбілася на тым, што беларусы сталі менш выдаткоўваць грошай у Польшчы.

 

Па словах Мацея Чарнецкага, беларусы па-ранейшаму часцей за ўсё вязуць з Польшчы тэхніку, электроніку, бытавую хімію, касметыку, будматэрыялы, адзенне і аўтазапчасткі.

 

Польскія мытнікі ўключаюць у статыстыку ўсіх падарожнікаў, якія афармляюць чэкі Tax Free на польска-беларускай мяжы. Тыя ж тавары, за якія турысты не спрабавалі вярнуць ПДВ, не трапляюць у статыстыку. Да прыкладу, аўтобусы не ўсіх перавозчыкаў спыняюцца на мяжы для афармлення тавараў па сістэме Tax Free.

 

Пры гэтым большасць тых, хто аформіў дакументы Tax Free на польска-беларускай мяжы, складаюць нашы суайчыннікі.

 

Па дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, у першым квартале гэтага года з Беларусі ў Польшчу ўехала 1,5 мільёна чалавек. Гэта на 1,3 % больш, чым год таму. У студзені-сакавіку нашы суайчыннікі патрацілі ў Польшчы 533,2 мільёна злотых, што на 4,6 % менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

 

У сярэднім кожны беларус, які заехаў у студзені-сакавіку ў Польшчу на сухапутным транспарце, пакідаў у крамах, гандлёвых цэнтрах і рынках суседняй краіны 751 злоты (378 дэнамінаваных рублёў). Гэта на 5% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пры гэтым нашы суайчыннікі ўсё роўна лідзіруюць па сярэднім чэку. Да прыкладу, расейцы ў сярэднім трацілі ў першым квартале 400 злотых (201 рубель), украінцы – 602 злотых (303 рубля), немцы – 494 злотых (249 рублёў).

 

Мацей Чарнецкі нагадвае, што беларусы, якія здзейснілі пакупкі ў Польшчы і хочуць вярнуць грошы па чэках Tax Free, могуць паскорыць праходжанне мяжы. Для гэтага трэба прайсці электронную рэгістрацыю на сайце Мытнай палаты ў Беластоку, унесці пашпартныя дадзеныя, інфармацыю аб чэках і выбраць пагранпераход, праз які плануеце выязджаць з Польшчы. “У такім выпадку супрацоўніку мытні застанецца толькі знайсці ваша заяву, агледзець тавар і праверыць пасведчанне асобы і пацвердзіць вываз”, – удакладняе Мацей Чарнецкі.

 

Раней у Польшчы з 1 чэрвеня змяніліся правілы афармлення Tax Free. Каб вярнуць ПДВ ад пакупак у гэтай краіне, цяпер трэба набыць тавараў на суму не менш за 300 злотых (каля 77 долараў). Раней мінімальная сума пакупак была на 100 злотых менш.

 

Нагадаем, кампанія Global Blue ўвяла з 27 ліпеня камісію за вяртанне грошай па чэках Tax Free, па якіх сума для выплаты перавышае 50 еўра. У выпадку перавышэння гэтага ліміту за кожны чэк прыйдзецца заплаціць па 3 еўра камісіі.

 

Фота ілюстрацыйнае