Урачы, міліцыянеры і дырэктар Мірскага замка. Хто трапіў у парламент ад Гродзенскай вобласці

|

Гарадзеншчыну ў парламенце будуць прадстаўляць ваенныя, міліцыянты, лекары і дэпутаты са стажам – трое з 13 выбраных дэпутатаў раней ужо працавалі ў парламенце. Гэта Аляксандр Сягоднік, абраны па Ваўкавыскім акрузе №48, Андрэй Навумовіч, які балатаваўся па Лідскай акрузе №55, і Ала Сопікава са Слоніма.

 

У парламент таксама прайшлі начальнік аддзела сацыяльнага развіцця ААТ «Гродна Азот » Віктар Русак і дырэктар гродзенскай сярэдняй школы №13 Лілія Кір’як. Яна, дарэчы, з’яўляецца дэпутатам Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў.

 

Галоўны лекар гарадзенскага кардыялагічнага цэнтра Тамара Далгашэй таксама стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Раней яна абіралася дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 25-га і 26-га скліканняў, была старшынёй пастаяннай камісіі па адукацыі, ахове здароўя і сацыяльных пытаннях. З’яўляецца членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

Па Гарадзенскай сельскай акрузе №53 дэпутатам стаў Сяргей Літвін, дырэктар УА “Скідальскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй”.

 

У парламенце ад Гродзеншчыны будуць прадстаўлены таксама ваенныя і міліцыя: камандзір вайсковай часткі 2044 Аляксандр Маркевіч і першы намеснік міністра ўнутраных спраў – начальнік крымінальнай міліцыі Валянцін Міхневіч.

 

Па Смаргонскай акрузе ў парламент прайшоў старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Кавалько, а па Шчучынскай – старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Валерый Саўко. Ён з’яўляецца членам Камуністычнай партыі Беларусі. Па Навагрудскай выбарчай акрузе дэпутатам стала дырэктар установы «Музей «Замкавы комплекс «Мір» Вольга Папко.