Рэпартаж з мяжы: што бачыць аўтамабільны рэнтген, або Колькі мабільнікаў змяшчаецца ва ўпакоўку пральнага парашка

“У 1991 годзе тут стаяў стол, да якога пад’язджалі машыны, а са сродкаў сувязі з “вялікай зямлёй” быў толькі тэлефон-аўтамат”, – старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту прапануе журналістам адчуць розніцу. Напярэдадні 25-годдзя беларускай мытні прэсу запрасілі ў адзін з самых сучасных і загружаных пунктаў пропуску “Брузгі”, што непадалёк ад Гродна на беларуска-польскай мяжы. Прычым журналістам прапанавалі пабываць у ролі тых, хто стаіць на варце эканамічнай бяспекі краіны. БелТА даведалася, колькі дзіцячых гарнітурчыкаў змяшчаецца ў кола, навошта ва ўпакоўку пральнага парашка засунулі новенькія мабільныя тэлефоны, і пераканалася, што ад усёвідушчага вока аўтамабільнага рэнтгена схаваць магчыма хіба што шпільку.


Юрый Сянько падкрэсліў, што прапускная здольнасць пунктаў пропуску ўзрасла з 1991 года ў дзесяць разоў. “Мы ганарымся тым, што маем. Увесь гэты час актыўна будавалася памежная інфраструктура, пункты пропуску. Сёння мы маем інфраструктуру, дастатковую для афармлення той колькасці транспартных сродкаў, што перамяшчаюцца на участках нашай мяжы”, – адзначыў Юрый Сянько. У якасці прыкладу ён прывёў статыстыку за адзін дзень, нядзелю 11 верасня, за які дзяржаўную мяжу перасеклі больш за 70 тыс. фізічных асоб, амаль 14 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,8 тыс. грузавікоў, 103 самалёты і больш за 180 чыгуначных складаў. “Гэта нябачная часам з боку, але вельмі сур’ёзная і адказная праца”, – адзначыў старшыня ДМК.

 

 

Сур’ёзныя нагрузкі выпрабуюць “Брузгі” – кірунак папулярны, патокі транспарту растуць. “Па некаторых пазіцыях мы нават ужо перасягнулі праектныя магутнасці. У суткі прапускаем больш за 1 тыс. грузавых аўтамабіляў , а праектам закладзена каля 700. Таксама афармляецца каля 3 тыс. легкавых аўтамабіляў і каля 100 аўтобусаў”, – адзначае начальнік мытнага паста “Брузгі-2” Сяргей Алешчанка.

 

 

Аднак не ўсе з тых, хто перасякае мяжу, робяць гэта з добрымі намерамі. Рэгулярна затрымліваюцца ў пунктах пропуску тавары, якія перамяшчаюцца незаконна, прасцей кажучы, кантрабанда. Часам гаворка ідзе пра бытавую тэхніку або, напрыклад, золата, а часам у машынах, асабістых рэчах, багажы хаваюць і наркотыкі. Паўдзельнічаць у даглядзе падазронага аўтамабіля прапанавалі і журналістам.

 

Праходзім у бокс для паглыбленага надгляду. Нас цікавіць легкавік “Фальксваген”. На гэтым “Пола” трое мужчын вяртаюцца з паездкі, як кажуць жыхары памежжа, “па закупы”. У багажніку пакеты з пральнымі парашкамі , прадуктамі і іншым. Усё выглядае мірна.

 

 

Але проста так у бокс для паглыбленага дагляду не трапляюць. Звычайна для гэтага ёсць важкія падставы. Сістэма кіравання рызыкамі ўлічвае шмат фактараў, сярод якіх, напрыклад, і частата перасячэння мяжы, і ранейшыя правапарушэнні. Пасажыраў і кіроўцу з асабістымі рэчамі запрашаюць да адмысловага стала. Падазрэнне выклікаюць скрынкі з пральным парашком. Аказваецца, гэта даволі распаўсюджаны спосаб правозу кантрабанды. Металадэтэктар пры паднясенні да адной з іх дае “спрацоўку”, значыць унутры нешта ёсць.

 

 

Дагляд аўтамабіля працягваецца ўжо больш дбайным чынам. Прычым у працы задзейнічаны даволі незвычайныя прыборы. Напрыклад, камеры на тэлескапічных або гнуткіх ручках, якія дазваляюць зазірнуць пад дно, на дах машыны, на верхавіну грузу, ва ўтоеныя паражніны, не звяртаючыся да разборкі або разгрузкі. Лазерны далямер дазваляе вызначыць наяўнасць фальшсценкі або фальшпадлогі ў грузавым адсеку. Цікавы і сканар схаваных паражнін пад назвай “Ватсан”, які нам падказаў, што ў запасным коле легкавушкі не толькі “паветра”.

 

 

Схаваць тавар можна ад вачэй, але не ад адчувальнага прыбора! Дапамагае мытнікам і спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Напрыклад, у базу дадзеных занесена інфармацыя аб усіх аўтамабілях-парушальніках. Галоўны інспектар Павел Шахаў паказвае, як літаральна за пару клікаў можна атрымаць “дасье” аб тым, што на гэтым аўтамабілі перавозілася і дзе былі размешчаны схованкі.

 

 

Зрэшты, цалкам на водкуп прыбораў тут працу не аддаюць. Падазроны аўтамабіль са сваім падапечным правярае кінолаг. А мы ў гэты час прапускаем праз рэнтгенапарат кола і скрынкі з пральным парашком. Двум пачак выкрыццё не спатрэбіцца: машына паказвае аднастайную масу. А вось у яшчэ адной упакоўцы парашка зусім мала. У запасным коле таксама нешта ёсць.

 

Тут жа нам дэманструюць больш за тры сотні залатых вырабаў, якія з дапамогай гэтага прыбора выявілі ў асабістых рэчах пасажыркі аднаго з мікрааўтобусаў літаральна напярэдадні прыезду журналістаў.

 

 

Як аказалася, у пачак з пральным парашком падклалі тры мабільных тэлефона, якія незаконна паспрабавалі ўвезці ў нашу краіну. Спосаб распаўсюджаны, але не дзейсны: мяжа – тое месца, дзе таемнае становіцца відавочным рэгулярна.

 

 

А вось у коле было схавана з дзясятак камплектаў дзіцячых камбінезончыкаў. Спосаб перавозкі не новы – хаваюць тое, што спрабуюць завезці незаконна, і ў бензабаку, і ў паветраным фільтры аўтамабіля, і ў іншых не самых чыстых схованках… Дарэчы, уразіла і падрыхтаванасць супрацоўнікаў мытні – з хуткасцю сапраўднага прафесіянала адзін з іх зняў покрыўку з дыска кола на спецыяльным станку для шынамантажу. Машыны яны ведаюць ад і да: калі спатрэбіцца, то разбяруць да шрубкі і збяруць назад.

 

 

У дачыненні да парушальнікаў складаюць адміністрацыйныя пратаколы. Пасажыр, хутчэй за ўсё, атрымае штраф і канфіскацыю мабільнікаў, а вось вадзіцель, які зрабіў з запаснога кола схованку, хутчэй за ўсё, па рашэнні суда пазбавіцца аўтамабіля.

 

 

… За 8 месяцаў 2016 года мытняй зафіксавана больш за 24 тыс. адміністрацыйных правапарушэнняў. Спынена незаконнае перамяшчэнне 262 аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці, больш за 10,6 кг наркатычных прэпаратаў, канфіскаваны 631 транспартны сродак…

 

Атрыманыя веды журналістам прапануюць замацаваць на практыцы. На дагляд заязджае чырвоны бус “Фольксваген”. Машына старэнькая, патрапаная, цалкам падыходзіць на ролю транспартнага сродку пачаткоўца-кантрабандыста: у выпадку канфіскацыі яе не шкада страціць. Кіроўца нервуецца і на гэта нас таксама просяць звярнуць увагу.

 

 

Прычына хвалявання становіцца ясная праз паўгадзіны. У адной са схаваных паражнін на пярэдняй панэлі знаходзіцца пачак валюты, якую, натуральна, вадзіцель не дэклараваў, а ў кішэні яго курткі, нядбайна кінутай на сядзенні, – скрутак з нейкім парашком. І прыборы, і службовы кокер-спаніэль Санта пацвярджаюць – наркотыкі!

 

 

Следам за журналістамі праходзяць спецыялісты. У іх дагляд займае максімум тры хвіліны, аднак знойдзеныя яшчэ закладкі – валюта і наркотыкі. Парушальнік навучальны, у адваротным выпадку яго чакалі б сур’ёзныя праблемы з законам.

 

 

“Як бачыце, прафесіяналы працуюць метадычна. Выдаткаваць шмат часу на дагляд аднаго транспартнага сродку, асабліва калі ззаду стаіць чарга з жадаючых перасекчы мяжу, – недазваляльная для нас раскоша. Таму працаваць трэба і хутка, і якасна”, – адзначаюць мытнікі. Зрэшты, падкрэсліваюць яны, у добрасумленных грамадзян, якія ездзяць за мяжу не часта, пры гэтым закон не парушаюць, шанец “пазнаёміцца” з паглыбленым даглядам мінімальны.

 

 

Як і мінімальны іх шанец пабываць ля інспекцыйна-надгляднага комплексу “Рапискан”. Калі казаць простай мовай, то складаны комплекс уяўляе з сябе вялікі рэнтген-апарат. Падазроны аўтамабіль прасвечваюць, не разгружаючы. Час дагляду – не больш за 15 хвілін. Раней на тое, каб пільна даглядзець грузавы адсек той жа фуры, можна было выдаткаваць некалькі гадзін, а часам і сутак, распавядае начальнік аддзела правядзення аперацый мытнага кантролю Віталь Парфёнаў.

 

 

Тут жа малюнак выводзіцца на экран аператара-аналітыка. Для працы з сучасным абсталяваннем спецыялісты прайшлі дадатковае навучанне. Схаваць, гавораць тут, ад усёвідушчага вока рэнтген-прамянёў можна хіба што шпільку, і то толькі адну. Калі іх будзе некалькі – тэхніка гэта заўважыць.

 

Вось у кабіне аднаго з грузавікоў выяўлены дзіўны прадмет. Тэхніка не падводзіць: кіроўца спрабаваў правезці старадаўнюю вазу.

 

 

І фактаў выяўлення незаконнага перавозу незадэклараванага тавару тут нямала. Будаваўся комплекс па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва, каштаваў ён амаль 2,5 млн еўра, аднак, як кажуць тут, кожны рубель выдаткаў на яго працу прыносіць бюджэту да 48 рублёў даходу.

 

Юрый Сянько адзначыў, што журналісты неўзабаве яшчэ раз атрымаюць нагода прыехаць у “Брузгі”. У кастрычніку, як чакаецца, тут будзе запушчаны першы ў краіне транспартналагістычны цэнтр, размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад пункта пропуску.

 

 

“Для тых, хто вязе грузы ў адрас беларускіх атрымальнікаў, з’явіцца магчымасць адразу з пункта пропуску уехаць у тэрмінал, прайсці ўсе мытныя фармальнасці, аплаціць мытныя плацяжы, далей у любым кірунку рухацца і больш не звяртацца да мытнай службы”, – адзначыў Юрый Сянько. Такі падыход, падкрэсліў ён, дазволіць сур’ёзна спрасціць працу для бізнесу, паменшыць час знаходжання грузу пад мытным кантролем і паскорыць працэс прыбыцця тавару да атрымальніка.

 

І ў далейшым развіццё інфраструктуры ў пунктах пропуску будзе накіравана перш за ўсё на стварэнне яшчэ больш камфортных умоў для тых, хто перасякае мяжу. Рабіцца гэта будзе ў тым ліку за кошт укаранення ўсё большай колькасці аўтаматызаваных сістэм.