На гарадзенцаў пачалі нападаць “ласіныя кляшчы”

Грамадзяне пачалі прыносіць на “апазнанне” ў Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі незвычайных мух, прымаючы іх за кляшчоў. “Перспектыва” даведвалася, што за “невядомая звярына” пасялілася ў нашых лясах.


Маленькая, але куслівая

 

Як патлумачыла энтамолаг цэнтра Таццяна Гранкоўская, гэта незвычайная казурка – самая звычайная аленевая крывасоска, празваная ў народзе ласінай мухай або ласіным кляшчом. Яе можна зблытаць са звычайным кляшчом, таму людзі палохаюцца, убачыўшы на сабе паразіта. Па словах энтамолага, дадзеныя казуркі сустракаюцца ў змешаных лясах.

 

Напрыклад, у прыгарадзе Гродна яны былі заўважаныя ў лясных масівах паблізу Гожы, Азёр, на тэрыторыі Скідальскага сельсавету. Сігналаў аб тым, што яны ёсць у гарадскіх парках і скверах, не паступала. У нашых лясах гэтыя назойлівыя казуркі з’яўляюцца, як правіла, у канцы жніўня. Менавіта ў гэты перыяд адбываецца паспяванне лічынак ласінай мухі, у маладых асобін з’яўляюцца крылы (у іксодавых кляшчоў іх няма – заўв аўт).

 

Чаму ў папярэднія гады яны не давалі пра сябе ведаць?

 

– Гэтыя мухі сустракаліся і раней. Грыбнікі і паляўнічыя ведаюць пра іх. Але зваротаў у санітарную службу паступала нашмат менш. Магчыма, цяпер грамадзяне ўстрывожаныя частымі выпадкамі укусаў кляшчоў, а гэтая муха ў чымсьці паводзіць сябе як клешч, вось і блытаюць іх. Асабліва тыя, хто ніколі не сутыкаўся з кляшчамі. Лепш лішні раз перастрахавацца. Таму людзі нясуць на “апазнанне” невядомую казурка, баючыся за сваё здароўе, – лічыць Таццяна Анатольеўна.

 

– Лабараторныя даследаванні ласіных мух не праводзяцца, мы проста тлумачым, што гэта за “звер” такі. Аленевая крывасоска мае адну асаблівасць – пасля “засялення” на новым гаспадары, яна скідае крылы і моцна чапляецца лапкамі за валасы або скуру. Пасля гэтай працэдуры становіцца падобнай да кляшча, хоць ні ў якім сваяцтве з ім нават блізка не стаіць. Такое параўнанне ўзнікае з-за пляскатай формы цела мухі, дзякуючы якой яна можа вытрымліваць моцны ціск.

 

Не размахвай – не спалохаеш

 

Нападу ласіных мух часцей падвяргаюцца паляўнічыя, бо акрамя рэакцыі на рух, мух прыцягваюць яшчэ цяпло і пахі жывёл. Таксама ўкусам гэтых насякомых могуць падвергнуцца і грыбнікі. У моцны вецер іх практычна няма. А вось у цёплыя вераснёўскія дні даволі шмат. Наляцеўшы на чалавека, крывасоска застаецца нерухомай на працягу некалькіх секунд, пасля чаго пачынае хутка перасоўвацца, каб забрацца ў валасы або пад вопратку. Зручна ўладкаваўшыся, мухі пачынаюць піць кроў. Рэзкія махацельныя рухі яе не спалохаюць. Зняць таксама не так лёгка, бо яны добранька прымацоўваюцца да скуры ці вопраткі сваімі чэпкімі лапкамі з кіпцікамі.

 

З медыцынскага пункту гледжання аленевая крывасоска не небяспечная для чалавека, бо не з’яўляецца пераносчыкам інфекцыйных захворванняў. Нягледзячы на тое, што ў ласіных мухах знаходзяць барэліі, выпадкі заражэння чалавека невядомыя. На людзей яны нападаюць, хутчэй, праз памылку. Аднак укусы балючыя і непрыемныя. Агульная рэакцыя на ўкус можа суправаджацца пачырваненнем скуры, моцным свербам, алергіяй  прыпухласцю і сыпам. Некаторым можа патрабавацца супрацьалергічнае лячэння.

 

У чыстым сасновым бары крывасосок вы не сустрэнеце, як і на вялікіх адкрытых палянах. А вось, збіраючыся ў лес за апенькамі, шанец сустрэць аленевую крывасоску вялікі. Часцей яна з’яўляецца ў забалочаных і зарослых хмызняком участках лесу, нізкіх месцах. Чым ярчэй дзень, тым больш актыўныя казуркі. Так што пасля вяртання з лесу старанна агледзьце сябе, раіць энтамолаг. Пры беглым аглядзе казуркі могуць застацца незаўважанымі, асабліва на цёмнай вопратцы.