У Горадні рэстаўруюць распяцце, перад якім маліўся Каліноўскі

|

«Разьба вельмі дасканалая, магчыма – Нямеччына альбо Італія»


Побач з фігурай у майстэрні рэстаўратара бачна шмат кавалкаў адлушчанайфарбы пазнейшых часоў, якая і хавала анатамічныя падрабязнасці – мышцы ды жылы. У адноўленым выглядзе ўсё гэта будзе бачна.

 

«Разьба вельмі дасканалая, рэзаў майстар высокага класу. Найчасцей такія фігуры да нас прыходзілі з Заходняй Еўропы: з Нямеччыны альбо нават Італіі. Аўтар бездакорна ведаў анатомію чалавека. Пры гэтым фігура выразаная з усіх бакоў, а не толькі частка, бачная гледачу», – тлумачыць рэстаўратар Уладзімір Кіслы.

 

Скульптура выразаная з грушы альбо альшыны, ліпа была б цяжэйшай, распавядае рэстаўратар. У Беларусі ж мясцовыя майстры найчасцей рабілі падобныя ўкрыжаванні з масіву сасны.

 


«Прысяга на вернасць арганізацыі праходзіла перад укрыжаваннем»

 

Каштоўнасць скульптуры, разам з тым, не толькі мастацкая, але і гістарычная. Паводле легенды, якую распавёў краязнавец Сяргей Лушчык, менавіта перад гэтым укрыжаваннем маліўся Кастусь Каліноўскі. Сапраўды, як сведчаць гісторыкі, з Бераставіцай звязаныя старонкі гісторыі Паўстання 1863 году.

 

«Настаяцелем касцёлу на той час быў паплечнік Каліноўскага Ігнат Казлоўскі. У самым касцёле найверагодней адбываліся сходы Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі напярэдадні Паўстання. Там жа праходзіла прысяга на вернасць арганізацыі – па логіцы акурат перад алтарным укрыжаваннем», – распавядае гісторык Васіль Герасімчык.

 

IMG_3013

 

Іншы даследчык Паўстання Алесь Кайрыс дадае, што ў сутарэннях касцёлу захоўваліся наклады «Мужыцкай Праўды». Гэта было зручна, улічваючы плошчы катакомбаў ды пікантныя моманты ў разе вобшуку: храм усё ж такі з’яўляўся святыняй.


«Чалавек, які адпілаваў Хрысту ногі, паплаціўся за гэта…»

 

З укрыжаваннем звязаная і іншая легенда, датычная тэалагічнага аспекту. Скульптура, нібыта пераходзіла ад каталікоў да праваслаўных, а пасля – назад да каталікоў. Таму ў Хрыста… адпілаваныя ногі: паводле праваслаўнага канону стопы маюць быць прыбітыя двума цвікамі, а не адным, як у каталікоў. Таму новым уласнікам давялося перарабляць укрыжаванне.

 

IMG_2976

IMG_3056

 

«Як сцвярджае легенда, пра якую я пачуў ужо падчас рэстаўрацыі, чалавек, які адпілаваў ногі, каб перайначыць першасную скульптуру, паплаціўся за гэта: цягам будоўлі яму ў тым самым месцы перабіла ногі нейкім блокам», – працягвае Кіслы.

 

Сам жа рэстаўратар мае сумневы, што ногі Хрыста былі дарэзаныя пазней, бо стылістычна яны ідэальна падыходзяць да першаснага варыянту. Такім чынам народная легенда магла мець «педагагічны» характар, як перасцярога сучасным і будучым вандалам.