Каалы, цмокі і кіты. Мастачка з Гродна стала пераможцай конкурсу “Новая дзіцячая кніга”
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання фіналістаў і пераможцаў адбылася ў Расійскай дзяржаўнай дзіцячай бібліятэцы. Конкурс “Новая дзіцячая кніга” – падзея ў расійскім выдавецкім свеце важная і прэстыжная. Яна з’яўляецца своеасаблівым трамплінам для новых аўтараў і мастакоў.
Конкурс – лаўрэат прафесійнай прэміі расейскага кніжнага рынка “Рэвізор” у намінацыі “Лепшы праект па папулярызацыі кніг і чытання”. Многія кнігі, якія ўбачылі свет дзякуючы конкурсу «Новая дзіцячая кніга», далей атрымалі новыя ўзнагароды, а таксама былі адзначаны рознымі кніжнымі прэміямі.
У гэтым годзе на конкурс паступіла 3150 заявак з больш чым 40 краін свету. Што тычыцца мастакоў, то ад кожнага ўдзельніка прымалася па 4 ілюстрацыі. Тут было пададзена каля тысячы заявак.
У склад журы гэтай намінацыі ўваходзіў аўтар Алімпійскага Мішкі, мастак Віктар Чыжыкаў, галоўны рэдактар тэлеканала “Карусель” Вера Абалонкіна і яшчэ 7 прафесійных мастакоў ці людзей, цесна звязаны з мастацтвам. У выніку 10 адабраных строгім журы мастакоў атрымалі дыпломы, а вось гарадзенка Іна Папаратнае стала пераможцай конкурсу.
– Усё гэта было, вядома, хвалююча. У момант уручэння, як кажуць, “мову адняло”, так я перажывала, – кажа Іна. – Мне ўрачыста ўручылі статуэтку. У далейшым выйдзе ў свет кніга з маімі ілюстрацыямі – гэта і ёсць галоўны прыз.
Іна – прафесійны мастак, вучылася ў Гродзенскім вучылішчы мастацтваў.
– Але такой вузкай спецыяльнасці, як ілюстратар кніг, у мяне, на жаль, няма. Асвойваю гэтую нішу самастойна. У планах і далей займацца ілюстрацыяй дзіцячых кніг, бо менавіта пра гэта я і марыла.