Дзённік польскага валантэра ці Гродна з трэцяга дотыку
Я ведала, што сітуацыя на рынку працы складаная, акрамя таго, я хацела жыць сваім жыццём – далёка ад бацькоў, лепш за усходняй мяжой Польшчы. Прасторай былой СССР я захаплялася даўно, таму і паступіла на філфак. Тады ўзгадала пра праграму EVS, дзякуючы якой я магла здзейсніць свае мары і планы ды паехаць працаваць у краіну Усходняй Еўропы.
Пошукі праекту пачала шукаць ужо са снежня 2008 году. Для мяне было важным працаваць на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Акрамя таго, я выключала працу са сталымі людзьмі і дзецьмі. Сярод розных прапановаў праектаў па ЕВС я звярнула асаблівую ўвагу на адну. «Цэнтр «Трэці сектар» з Гродна прапаноўваў праект «Польская моладзь у «Тваім Стылі». Арганізацыя шукала валанцёраў для журналісцкай працы. Тое, што трэба!
Пасля афармлення ўсіх неабходных дакументаў для праекту я абараніла дыпломную. Надзіва, самым складаным момантам у падрыхтоўцы да маёй валанцёрскай службы сталася віза. Яе чамусьці не хацелі даваць. Але доўгія перамовы маёй гродзенскай каардынатаркі з чыноўнікамі скончыліся поспехам. У пашпарце я мела адзнаку, што цягам трох месяцаў магу знаходзіцца ў Беларусі. Урааа! Пакую валізкі!
Зрэшты, у Гродна я была і раней, тут засталіся мае сябры. Але жыць даволі доўгі час самастойна не даводзілася. Таму я цьмяна сабе ўяўляла, што мяне чакала. Фантастычныя карціны, натуральна, не маляваліся, але ўсё ж…
Цягам першых дзён майго праекту я сустрэлася са старымі знаёмымі, знаёмілася з новымі і разведвала раён, які мусіў быць маім родным на пэўны час. Побач маем пошту, крамы, рыначак і зусім блізка прыпынак. Кожны раз мясцовы шопінг дорыць мне шмат задавальнення. Бо тут можна набыць такія прадукты, якіх няма ў Польшчы. Напрыклад, чыпсы ў пакунках, сыркі, зефіркі або бярозавы сок. Аднаго разу я прыйшла ў захапленне, калі заўважыла на палічцы ружовы пакуначак з улюбёнымі ўкраінскімі сухарыкамі, якіх у Польшчы, натуральна, не знойдзеш.
Наступная цудоўная рэч, за якую можна палюбіць Беларусь, гэта сістэма перадачы грошай на талоны ў грамадскім транспарце. У Кракаве нельга ўявіць, каб хтосьці ззаду перадаваў грошы чужым людзям, каб тыя перадалі кіроўцу на талоны. Аднак тут гэта цалкам рэальна. Я заўсёды ў шоку, калі праз некалькі хвілін замест перададзеных грошай вяртаюцца талоны. Гэта значыць, ніхто па дарозе не скраў ні грошай, ні талонаў. Але беларусы не толькі чэсныя, але яшчэ і добразычлівыя. Пасажыры, выходзячы з тралейбуса ці аўтобуса, прапаноўваюць бясплатна свае талоны або пакідаюць іх на сядзеннях. Такога ў Кракаве ніколі не ўбачыш!
Асаблівай падзеяй майго першага тыдня ў Гродна быў удзел ва ўніверсітэцкай канферэнцыі, прымеркаванай да 17 верасня 1939 года. Для мяне цікавым было прадстаўленне беларускага афіцыйнага погляду на пачатак Другой сусветнай вайны, якая супярэчыць польскаму. Апошнія лічаць 17 верасня сумнай датай, калі савецкія войскі пачалі атакаваць безабаронную Польшчу, якая на той час ужо змагалася з немцамі. Для беларусаў 17 верасня – гэта дата ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі. І – як шматразова падкрэслівалася падчас канферэнцыі – радаснае свята. Два суседнія народы і два такія абсалютна розныя вобразы. Дагэтуль шукаю адказу на пытанне: чаму няма адзінай версіі гісторыі?
Пакуль яшчэ я не паспела «акватэрыцца» ў Гродна, а ўжо 18 верасня трэба было ехаць у Мінск на курсы па маёй валанцёрскай праграме, на наступныя выходныя зноў у Мінск на Валанцёрскі форум. Часу стала катастрафічна не хапаць. Хочацца паспець усё: акрамя абавязкаў па працы, якіх сапраўды шмат, трэба знайсці час для развіцця сваіх ведаў і ўменняў, часу для шматлікіх беларускіх сяброў. Наступным разам якраз і напішу пра ўсе заняткі, на якія выдаткоўваецца вельмі шмат часу ў валантэра…