Ралі для беларусаў свету

|

Не падумайце толькі, быццам з’езд датычыўся адно IT-шнікаў. USB у гэтым выпадку азначае не папулярны кампутарны інтэрфейс, а проста скарот ад United Students of Belarus. І сапраўды, пасля гэтых некалькіх дзён, што мы правялі разам, мы аказаліся вельмі нават «юнайтэд».

 

Сама сустрэча адбывалася 50 кіламетраў ад Вільні, у цэнтры адпачынку Дубінгай, на беразе маляўнічага возера Асвея. Калі б не халоднае і непрыемнае надвор’е, гэта быў бы безумоўны плюс. А так, вадаём хутчэй спрыяў сырасці і холаду. Калі нават я, параўноўваючы з Кракавам, адчуў вялікую розніцу тэмператур, дык што ўжо казаць пра змерзнуўшых як цуцыкі беларускіх студэнтаў з Фларэнцыі? З іншага боку, гэта спецыфіка краіны, якую варта адчуць, хай сабе яна і выклікае насмарк.

 

На ўдзел у Ралі заяўлялася 60 чалавек, але з розных прычын даехала толькі 45. Гэта дало магчымасць крыху павялічыць колькасць прадстаўнікоў ЕГУ – ім жа ніадкуль не трэба было дабірацца. Прысутнічалі беларусы з Польшчы, Нямеччыны, Італіі, ЗША, Расіі, Украіны, вядома ж, Беларусі ды іншых краін. Сустрэліся старыя сябры, завязаліся новыя знаёмствы. Праграма была настолькі насычаная, што проста не было часу сумаваць ці ленавацца.

 

Паказы фільмаў, трэнінгі, лекцыі, дыскусіі, брэйн-рынг, більярд, боўлінг і лазьня, а таксама старанна падрыхтаваная гарадская гульня Da Vilno Code – усё пакідала найлепшыя ўражанні. А выступ пераможцаў Басовішча-2007, модненькага ў вузкіх кругах хрысціянскага інды-гурта «Фляўс і Кляйн», дадаў эксклюзіўнасці ды прынес атмасферу нейкага карпаратыву. Ну але чым беларускія студэнты замежжа не карпарацыя, хай сабе і раскіданая?

 

Менавіта на агульнасці інтарэсаў і супольнай патрэбе рабіць нешта грунтуецца ідэя USB. Аднак не з’яўляецца таямніцай, што імпрэза пакуль не выходзіць за фармат штогадовых сустрэч і казаць пра якія-небудзь нафармальныя сеткі рана. Да таго, не забывайма, што арганізацыя мерапрыемства пакуль яшчэ цалкам у руках літоўскага Цэнтра Усходнееўрапейскіх Даследванняў. І, нажаль, не бачна, каб USB перацякала ў фармат сталага, цікавага і карыснага супрацоўніцтва. І гэта ўжо на сумленні беларусаў. Паесці і выпіць нахаляву, канечне, прыемна. Але ж зрабіць нешта самому ды ў сваёй краіне – не меней класна.

 

USB, калі падсумаваць, тыповы беларускі адпачынак. Як пяе Крамбамбуля: «вось мы ад адпачынку адпачнем і з падвоенаю сілаю адпачываць пачнем». Так і пасля Ралі – я некалькі дзён не мог вярнуцца ў сталы рытм. Сумна тое, што да наступнага Ралі яшчэ цэлы год. Радасна, што мы зноў сустрэнемся. Спадзяюся, там будзеце і вы.

 

На фота: возера Асвея