Сем сутак за “грамадскія слуханні” у Астраўцы

|

Інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі быў асуджаны 9 кастрычніка быццам бы за парушэнне грамадскага парадку падчас правядзення грамадскіх слуханняў па пабудове АЭС у Астраўцы.

Суддзя матываваў сваё рашэнне імкненнем выхаваць спадара Ажароўскага і папярэдзіць “падобныя” правапарушэнні з яго боку і іншых асобаў у будучым.

Удзел у грамадскіх слуханнях прыняло каля 900 чалавек. Напярэдадні слуханняў міліцыя канфіскавала матэрыялы з крытычнай ацэнкай планаў па пабудове АЭС. Затое ў час рэгістрацыі ўсе ўдзельнікі атрымлівалі поўнакаляровыя брашуры з агітацыяй за АЭС без усялякіх выходных дадзеных (на здымку з prosto-free.livejournal.com ніжэй).

>

У час “дыскусіі” выступы прыхільнікаў пабудовы станцыі і праціўнікаў гэтых планаў гучалі ў прапорцыях 4:1

Пры гэтым, як пад капірку, “ад імя ўсёй прагрэсіўнай грамадскасці” за ядзерную будучыню Беларусі выказваліся “дэлегаты” амаль з усіх раёнаў вобласці.

З-за гэтага не змаглі выказацца тыя, хто меў іншы пункт гледжання. Гэта дазволіла актывістам некаторых экалагічных арганізацый назваць гэтыя слуханні фікцыяй.

Асаблівае іх абурэнне выклікала вялізная колькасць супрацоўнікаў спецслужбаў у цывільным з бэйджыкамі “валанцёр”. Менавіта з-за іх у залю кінатэатра не патрапілі многія з тых, хто па сваёй волі прыйшоў альбо прыехаў на гэтыя слуханні.