Два апытанні пра алкагольнае пытанне
Здаецца, добры намер, які павінен вырашыць праблему алкагалізацыі насельніцтва і ў першую чаргу – моладзі. Але з іншага боку, ці ўсё так проста: увялі штрафы і людзі перасталі хадзіць па вуліцах з піўнымі банкамі і сядзець з бутэлькамі на Савецкай плошчы. Вось мы і вырашылі спытаць у людзей, як зменяцца іх паводзіны?
Ірына (28 год, эканаміст) лічыць, што трэба узмацніць кантроль за непаўналетняй моладдзю, бо менавіта яна з’яуляецца асноўным «рэсурсам», які ўжывае алкаголь і парушае парадак у грамадскіх месцах. Ірына слушна прапанавала прыцягваць да адказнасці бацькоў і караць матэрыяльна толькі пры паўторным парушэнні.
Захар (20 год, студэнт) вельмі абураўся наконт увядзення штрафаў, бо яго грашовае становішча не дазваляе наведваць бары і рэстараны, ды і месца там знайсці ўвечары у выхадныя дні практычна немагчыма.
Іван Міхайлавіч (65 гадоў, пенсіянер) поўнасцю згодны з гэтым новаўвядзеннем.
Любоў Аляксандраўна (51 год, індывідуальны прадпрымальнік) маючы двух сыноў 22 і 25 гадоў, лічыць, што вынік будзе абсалютна адваротны: моладзь пакіне вуліцы, і будзе піць, хаваючыся у пад’ездах і цемных завулках.
Святлана ( 38 гадоў, педагог) звярнула нашу ўвагу на адсутнасць у сучаснай моладзі здаровай і даступнай альтэрнатывы піву.
Мы прывядзем кошты некалькіх «альтэрнатыўных прыкладаў»: месячны абанемент у аквапарк каштуе каля 70 тысяч, пяць хвілін картынгу – 10 тысяч. Прыкладна столькі ж каштуюць канькі, але пры гэтым трэба выстаяць некалькі гадзін у чарзе. Стыльны кінатэатр «Чырвоная зорка» таксама здзіўляе высокімі коштамі, абанементы ў фітнэс-клубы і трэнажорныя залы – ад 40 тысяч і вышэй. Ў параўнанні са стыпендыямі і заробкамі маладых спецыялістаў гэта зусім не маленькія грошы. Таму поле боя застаецца за півам.
Апытвала Вольга Жук
> |
||
Большая частка згодная…
Аляксандра падтрымала б такое пастанаўленне, бо яна лiчыць, што непрыгожа сядзець, лузгаць семкі, нецэнзурна выражацца ды яшчэ з бутэлькай чаго-небудзь алкагольнага.
Валянцiна паказалася нам трохi збянтэжанай, але выразiла сваю думку у словах: «Калi чалавек хоча напiцца, або проста папiць чаго-небудзь алкагольнага, няхай iдзе дамоў i напiваецца там». Але былi i такiя, якiя лiчылi наадварот.
Напрыклад, Аляксандр, які сваю думку падкрэсліў наяўнасцю ў руцэ бутэлькі піва…
У нас людзi ўжо прызвычаiлiся да таго, што калi да iх падыходзяць на вулiцы, то гэта абавязкова «Арыфлэйм»… Гэтае ж сталася i з Эльдарам i Дзянісам. Першыя iх словы былi: «А мы Арыфлэйм не ўжываем». Але яны супакоiлiся, калi даведалiся пра наша пытанне i пра тое, хто мы такiя. Яны трымалiся такой жа думкі, што i большасць людзей. Яны лiчылі, што таваразварот алкаголю паменшыцца, але паспрабаваць увесцi i павялiчыць штраф можна.
Апытвала Дар’я Тугарына
Здымкі Юліі Бадзяк