Гэта салодкае слова “помста”

|

Вясной салігорцы перамаглі “Нёман” у паўфінале Кубка Беларусі і гэтым паставілі “крыж” на марах гарадзенцаў пра выступ у еўракубках.

Затым у чэрвені ў Салігорску ўжо ў межах чэмпіянату “Шахцёр” зноў перамог (2-0).

Гульня ў Гродне распачалася з наступу гаспадароў. Асабліва актыўным у іх складзе быў Аляксей Сучкоў, які распачынаў гэты сезон у складзе “Шахцёра”, але быў адлічаны з гэтай каманды нібыта за тое, што патрапіўся на вочы кіраўніцтву клуба п’яным.

Ужо на 10-й хв. памылкай абароны і брамніка гасцей скарыстаўся Горбач і лік стаў 1-0.

Гаспадары і надалей валодалі перавагай, хоць у другой палове “Шахцёр” і загуляў больш актыўна і нават забіў гол – абаронцы “Нёмана” праспалі ў сваёй штрафной пляцоўцы Рыёса (1-1, 65-я хв.).

Праз 10 хвілін, аднак, гаспадары зноў выйшлі наперад: гол з пенальці забіў Аляксей Сучкоў, які тут жа пабег святкаваць свой поспех… да трэнерскай лаўкі “Шахцёра”! Вось вам, маўляў, расплата за тое, як вы са мной паступілі!

У апошнія хвіліны гульні “Нёман” мог забіць яшчэ двойчы, але і перамогу з лікам 2-1 гаспадары святкавалі доўга і бурна.

Дзякуючы гэтаму поспеху “Нёман” крыху аддаліўся ад зоны выбывання з вышэйшай лігі.

Да канца чэмпіянату гарадзенцам засталося згуляць 2 сустрэчы (1 лістапада ў Мінску супраць МТЗ-РІПА і 8 лістапада ў Гродне супраць жодзінскага “Тарпеда”).

24 кастрычніка. “Нёман” – “Шахцёр” 2-1, “Смаргонь” – “Гомель” 1-1.

 

На здымку: лепшы гулец у складзе “Нёмана” Аляксей Сучкоў (у зялёнай кашульцы).

Фота Яраслава Ванюкевіча