Дзеннік прамоўтэра
З усёй размовы я зразумела толькі тое, што грошы будуць пасля нейкай працы і праз гадзіну мне трэба быць дзесьці ў іншай частцы гораду.
І вось я тут, дзе мне абяцаюць працу «на выходныя». А працаваць я буду ў дзіўнай якасці «прамоўтэра». Прамоўтэра Лізу апранаюць у спецвопратку, усоўваюць у рукі рэкламныя балонікі і выштурхоўваюць на вуліцу. У дзевяць гадзін восеньскай нядзелі на вуліцы, што знаходзіцца далёка ад Маямі, я павінна тырчаць ля ўваходу ў новую мэблевую краму (назву не скажу, каб не рабіць бясплатную рэкламу) у байцы і джынсах. Балонікі ў дзверы ніяк не лезлі, а выносіць іх да людзей трэба было шмат і хутка. Мы з маёй вулічнай напарніцай (астатнія дзяўчаты-прамоўтэры працавалі ў памяшканні) насіліся туды-сюды з балонікамі і без іх. Мерзлі рукі, ногі і нос, а кожнаму пакупніку крамы, якую мы рэкламавалі, трэба было ўсунуць балонік і сказаць некалькі добрых слоў.
Пакуль мы важдаліся з балонікамі і пакупнікамі, астатнія прамоўтэры апрануліся ў касцюмы вялікіх лялек і пайшлі палохаць дарослых і забаўляць дзяцей. Касцюмаў было тры – Заяц, Мядзведзь і Бусел. У іх было жудасна душна. І мы з «жывёламі» вырашылі перыядычна змяняць нашыя байкі на на іхнія вушы і хвасты. Мне спадабаўся Мядзведзік, але яго галава была сканструявана так, што не было відаць 70% навакольнага свету. А сам касцюм смярдзеў сырасцю і ў ім было вельмі цяжка. Дзеці вадзілі вакол нас карагоды, выдзіралі з рук балонікі і цягалі за рукавы. Праз гадзіну ўсе стаміліся і па чарзе пацягнуліся піць гарбату. За кошт фірмы! Спадзяюся, што не збанкрутавала працадаўцаў, бо гарбаты і кавы выпіла за два дні літраў пятнаццаць.
Дзень цягнуўся доўга, а працаваць нам трэба яшчэ і заўтра. Людзі прыбывалі аўтобусамі і маршруткамі паглядзець на новую краму. «Бамондная» тусоўка раёну – тыповыя алкаголікі – таксама не прапусцілі цырымонію адкрыцця. Першае, што яны зрабілі, паспрабавалі завалодаць максімальнай колькасцю балонікаў. Спрабавалі танчыць з Зайцам (маёй сяброўкай) і з Мядзведзем (са мной), спявалі песні. Усё гэта і Заяц і Мядзведзь ўстойліва трывалі. Але калі «дзядзька Вася» падышоў да мяне і паспрабаваў засунуць у дзірачку маскі цыгарэту са словамі: «На, зацягніся, Мішка!», я кінулася на пошукі адміністрацыі. Алкаголікаў доўга і беспаспяхова спрабавалі прагнаць, спасылаючыся на тое, што балонікі скончыліся. Праз гадзіну неафіцыйных дэбатаў кіраўніцтва пераканала іх забраць сваіх дзяцей і адправіцца дадому.
Да вечару нам было загадана колькасць шарыкаў, якія мы выносілі за адзін раз, скараціць. «Калі не застанецца на заўтра – будзеце ўсю ноч сядзець і надзьмуваць! – Паабяцаў нам дырэктар.
Дзень набліжаўся да завяршэння, стомленасць нагдавала пра сябе не толькі ў нагах, але і ў вачах, вушах і іншых органах успрымання. Мы ўсё фатаграфаваліся і фатаграфаваліся: дзеці залазілі пад рукі, на ногі, на спіны… Як выратаванне ад гэтага хаосу прагучала абвестка, што мы можам ісці збірацца дамоў – працоўны дзень скончаны. Дадому я ледзь прыцягнулася, скінула вопратку і звалілася на ложак. Больш нічога не памятаю.
Раніцай у нядзелю ў маёй галаве «выбухнуў» будзільнік. Я яго адключыла, запхала пад падушку і салодка заснула. Мая сяброўка вырашыла праверыць мой стан на 8 гадзін раніцы, прачытала мне мараль і нагадала, што праз гадзіну я павінна быць у байцы і з балонікамі каля крамы. Я пэўна не паспявала да 9.00 і паехала на таксоўцы.
На маёй «часовай працы» я ўбачыла безнадзейнцю карціну: увесь персанал надзьмуваўўжо не першую тысячу балонікаў. Тут я павінна супакоіць чытачоў – надзьмувалі мы іх помпамі, таму што ў іншым выпадку лопнулі б самі! Я тут жа далучылася да працэсу і…ўцягнулася. Упэўнілася, што надзьмуваць балонікі, у выніку, вельмі займальны і пазітыўны занятак!
align=”left” >На вуліцы нас ужо чакаў натоўп рознакалярова апранутых дзетак. Кожны спрабаваў выбіць балонік з рук прамоўтэраў – на другі дзень дзеці сталі больш нахабнымі. Сябороўка Заяц была жорстка збітая каталогамі мэблі. Бедны Бусел-Маша ледзь варушылася, аблепленая дзецьмі з ўсіх бакоў. За гадзіну мы стаміліся так, як не стаміліся за ўвесь ўчарашні дзень. Валасы прыліпалі да спацелага ілба, я высоўвалася ў адзіны прарэз у галаве Мядзведзя кожныя пяць хвілін, а дзеці ўсё прыбывалі і прыбывалі.
Ужо даўно марачы пра кубачак кавы, я працягвала скакаць з пярэстым натоўпам. Але кропкай у танцах сталя з’яўленне мясцовых п’яніц на чале з «дзядзькам Васем». Са словамі «Цярпець не магу дзяцей!» я ўварвалася ў падсобнае памяшканне крамы і стала сцягваць дурны касцюм. Праз дзесяць хвілін уляцеў Заяц: «Я проста ненавіджу гэтых злосных маленькіх грэмлінаў. Яны толькі прыкідваюцца дзецьмі! Яны хочуць мяне забіць!». А яшчэ праз дзесяць хвілін уваліўся Бусел, якога відавочна хістала: «Я цяпер проста возьму бомбу і кіну ў гэты натоўп!».
Тут пачаўся дружны рогат.
У завяршэнне рэкламнай акцыі, крама разыграла канапу. На працягу двух дзён пакупнікі, набываючы мэблю і прадметы дэкору, атрымлівалі пранумараваныя купоны для ўдзелу ў розыгрышы. Увечары нядзелі цуд адбыўся. Розыгрыш пачаўся ўрачыстым вынасам на вуліцу канапы і «барабану» з палавінкамі купонаў. Адкрыю сакрэт! Я таксама набыла сабе будзільнік і паклала палавінку купона ў «барабан», спадзяючыся на выйгрыш. Але канапа дасталася не мне… Яе лёс вырашыла маленькая дзяўчынка, якую проста «дасталі» з натоўпу і папрасілі выцягнуць паперку. Дзяўчынцы дастаўся салодкі прыз, а радаснай «пераможцы» прапанавалі залезці на канапу, бо зараз яна належыла ёй.
За два дні кожная з нас зарабіла каля ста тысяч, у мяне атрымалася – 113. Грошы не велізарныя, але сучасная моладзь будзе рабіць за іх без перапынку. І калі б кожныя выходныя мяне запрашалі на такую працу, я б згаджалася… Стомленасць прайшла, а пазітыўныя ўражанні, адчуванне свята і грошы засталіся. Праўда з’явілася адна недарэчнасць: дзеці сталі начным кашмарам…