Успамін пра Караткевіча ці аповесць двух гарадоў

 

Мала таго, што я ўласнымі вачыма ўбачыла, дзе працаваў знакаміты пісьменнік і пачула пра яго тое, чаго не пішуць у падручніках, так яшчэ і правяла два дні ў кампаніі журналістаў, якія сабраліся з усяе Беларусі.

 

Стартаваў прэс-тур у Мінску. Нам, гарадзенцам, трэба было дабірацца начным цягніком, які прыбываў за 9 хвілін да ад’езду агульнага экскурсійнага аўтобусу. За гэты час невядома на якой хуткасці мы дабеглі да месца збору, негледзячы на дождж.

 

Мікрааўтобус схаваў нас ад вады, і мы адправіліся ў дарогу. Нашым экскурсаводам выступіў Уладзімір Арлоў, пісьменнік, гісторык, якога лічаць паслядоўнікам Караткевіча. Як высветлілася для мяне трохі пазней, сама ідэя прэс-туру належыла яму. Мы праехалі па маршруце Орша-Рагачоў і, вядома, наваколлях гэтых гарадоў, звязаных з асобай Караткевіча.

 

Першы дзень быў фактычна цалкам прысвечаны Оршы. Тут  шануюць і берагуць памяць пра Караткевіча: дамагліся аршанцы, каб у горадзе з’явілася вуліца імя пісьменніка, усталявалі помнік, адкрылі музей. Няхай не ўсё ідэальна, і помнік падчас «Дажынак» пераносілі, і вулачка маленькая, але ж ёсць.

Караткевічу 1 годзік… рэдкі здымак

На вул. Караткевіча знаходзіцца дом бацькоў Уладзіміра Сямёнавіча, у якім ён жыў з 1946 па 1958 год. Менавіта там з’явіўся яго першы працоўны кабінет, які сам Караткевіч называў «Летняй рэзідэнцыяй», там ён пачаў пісаць «Дзікае паляванне караля Стаха». Але месца, якое захоўвае ўсе таямніцы і гісторыі Ўладзіміра Караткевіча – гэта, вядома, музей. Знаходзіцца ён у цэнтры Оршы, на галоўнай вуліцы, якая чамусьці носіць імя … Леніна. Музей досыць папулярны сярод жыхароў не толькі Беларусі, але і гасцей з іншых краін.

 

– За сем год працы музею да Ўладзіміра Караткевіча прышло і прыехала звыш 70 тысяч чалавек. – Паведамляе нам экскурсавод Вольга Пашкевіч.

Тут, у музеі захоўваюцца тыя рэчы Караткевіча, якія атрымалася сабраць са ўсёй Беларусі – яго малюнкі, паштоўкі родным, мэбля… Калі праходзіш па залах і слухаеш гісторыі з яго жыцця, мімаволі акунаешся ў атмасферу тых гадоў. А ў канцы нас чакаў падарунак – мы змаглі паслухаць унікальныя запісы голасу Ўладзіміра Сямёнавіча.

Імбрык, які захаваўся з часоў Караткевіча. І зараз у ім запарваюць гарбату

Ноч у Аршанскім гатэлі, ёсць час паразмаўляць са старэйшымі калегамі… За ўсю паездку мне далі столькі парад і павучанняў, што трэба было хадзіць з нататнікам і запісваць. На любое маё пытанне адразу выдавалася па некалькі адказаў, а я толькі адкрывала рот, і «пускала сліну» ад захаплення.

 

Раніцай адправіліся ў Рагачоў. Ехаць далёка – даглядаем сны ў аўтобусе. Бліжэй да горада Арлоў пачынае распавядаць нам гісторыю Рагачова, як  гэтыя месцы звязаныя з Караткевічам. Папярэджвае, што для шматлікіх паслядоўнікаў Уладзіміра Сямёнавіча менавіта тут раскрываюцца апошнія таямніцы.

 

– Магчыма, тут вас чакае развязка, якая не можа не ўразіць, – каментуе наш дасведчаны гід.

 

У Рагачове няма музея Караткевіча. Затое ёсць музей народнай славы, у якім Караткевічу прысвечана невялікая зала. Куток гэты быў створаны сіламі дырэктара музея Андрэя Чарняўскага і яго супрацоўнікамі. Затое ў горадзе ёсць будынак, у якім Уладзімір Сямёнавіч падоўгу жыў і пісаў творы: «Ладдзя Роспачы», «Сiвая легенда», «Вiно дажджоў», часткова «Каласы пад сярпом тваiм». Тут, у Рагачове нарадзілася мама пісьменніка, тут жа пахаваная яго бабуля – Ганна Грынкевіч.

На Рагачоўскіх могілк знаходзім магілку бабулі пісьменніка – старэнькую, разваленую, парослую мохам… Ніхто не памкнуўся нават таблічку паставіць. Але не толькі магіла бабулі Ўладзіміра Караткевіча у такім стане, на могілках амаль усё занядбанае… На могілках калісьці знаходзіўся крыж паўстанцам Кастуся Каліноўскага. Але і той знік у невядомым накірунку гадах у васьмідзесятых. Адзінока стаяць дзве капліцы XIX стагоддзя, у якіх выламанае і запаганенае ўсё, што толькі можна.

 

Вуліцы Караткевіча ў Рагачове няма зусім. А вось Чкалаў, верагодна, зрабіў для Рагачова шмат добрых спраў. А яшчэ я думаю, што паважаны Валеры Чкалаў нават не ведаў пра горад Рагачоў. Ідзем глядзець дом дядзькі Караткевіча, ніякіх апазнавальных знакаў, акрамя нумара, на ім няма. У дом мы трапілі толькі дзякуючы Ўладзіміру Арлову. Ён ужо наведваў гэтае месца, і, з яго словаў, патрапіць туды было нялёгка. Стукаемся. Усе выглядаем з-за спіны Арлова з мікрафонамі і дыктафонамі.

 

– Хто вас пусціў сюды? Хто дазволіў сюды ўвайсці? – Крычыць абураны жыхар, спадар Сяргей. – Усё! Да спаткання! Нічога вы глядзець не будзеце!

 

Уладзімір Арлоў спрабуе ўціхамірыць яго і спакойна растлумачыць хто мы, і навошта прыехалі. Жонка Сяргея, якая быццам успамінае Арлова, дапамагае заспакоіць гаспадара.

 

– Ну ўжо, няхай паглядзяць Валодзін пакой! Нічога ж страшнага не зробяць! – Тлумачыць спадарыня Тамара мужу і вядзе нас у пакой Караткевіча.

Стол, які стаіць у доме спадара Сяргея, за якім было напісана шмат твораў

 

Высвятляецца, што Тамара зусім не супраць аддаць дом пад музей і пераехаць у кватэру, але вось муж не дае гэтага зрабіць. І шыльдачку яна была б не супраць павесіць… Напрыканцы спадар Сяргей просіць дараваць, што так накінуўся на нас і распавядае нам свае ўспаміны аб жывым Караткевічы. Нават слёзы на вачах з’яўляюцца.

 

– Памятаю, толькі на пахаваннях усвядоміў, як шмат Валодзя зрабіў для нас, для краіны, для свайго народу! – дзеліцца спадар Сяргей.

 

Апошняя кропка падарожжа – вёска Азёрышча, дзе Караткевіч пачаў пісаць «Каласы пад сярпом тваім».

 

– Тут, на абрывістым беразе Дняпра і стаяла тая самая груша, з апісання якой пачынаецца твор. – Распавядае нам Андрэй Чарняўскі. – А вось цяпер людзі пачынаюць забываць Караткевіча, перастаюць чытаць яго творы, не звяртаюць увагі на гісторыю. Я да дзесятага класа амаль нічога аб ім не ведаў – у школе не распавядаў ніхто, што ён жыў і тварыў тут. Цяпер шкадую. І лічу, што ваш маршрут Орша-Рагачоў павінен стаць традыцыйным для ўсіх.


Фота Глеба Лабадзенкі

На застаўцы (http://www.hondaclub.by) – Гальшанскі замак


Радыёрэпартаж з прэс-туру па мясцінах Караткевіча слухайце тут