Новы Свет вачыма дзяцей і дарослых

|

«Хто-небудзь наогул пазнае свае малюнкі?»– Тонам настаўніка пытае публіку вядучы Віталь Вановіч. Дзеткі няўпэўнена апускаюць галовы, адмоўчваюцца. На дапамогу прыходзіць запланаваны ў сцэнары элемент «экшэна». «Давайце разам паклічам рыцара!» – заахвочваюць вядучыя. «Снягурачку!» – Жартуе нехта з дарослых на апошнім радзе.

 

Раптам у памяшканне ўрываецца патлаты хлопец, закаваны ў браню, і пачынае махаць мячом пад гукі сінтэзатара. Дзеці, канешне, балдзеюць, калі хоць бутафорскае, але ўвесістае лязо пралятае над іх галовамі. Сядзяць з адкрытымі ртамі. Пасля рыцар з гонарам уручае прызы і цісне руку малым мастакам.

 

Далей пайшлі прамовы. Свой выступ гісторык Андрэй Вашкевіч пачаў з сімвалічнага «Калі мы былі маленькімі…» (амаль як у класічным савецкім фільме пра піянерыю). У рэшце рэшт колішні завадатар кампаніі па абароне старога гораду выказаў надзею на тое, што новае пакаленне працягне справу сённяшніх гісторыкаў, а таксама будзе любіць, памятаць і цаніць наш горад.

Бліжэй да пачатку фільму дзеці канчаткова пазбавіліся комплексаў. Пакуль арганізатары корпаліся з праектарам, маленькі правакатар з першага раду, нечым падобны да Тома Соера, выкінуў: «Што гэта такое?!». Неўзабаве пачулася яшчэ некалькі менш упэўненых рэплік дзіцячага негадавання. Ну і добра: гэта значыць, што дзеці засвоіліся.

 

Няма, пэўна, сэнсу зараз даваць поўнавартасную рэцэнзію на фільм пра Новы Свет, зняты летась гарадзенскай моладдзю пры ўдзеле палякаў і немцаў. Вельмі якасная і цікавая, з мастацкага пункту гледжання, стужка. Яе лёйт-матыў – настальгія па старым горадзе, па 1920-50-х гг. Жаласная музыка, старыя бабулькі, пустыя лесвічныя пляцоўкі, дзвярныя ручкі, коткі на падваконніках – усё гэта скіравана на стварэнне нейкай штучнай настальгіі па Новым Свеце, нават у тых, хто там ніколі не жыў. Бліжэй да канца фільму здаецца, што гэта не нейкі мужык на экране, а ты сам хадзіў з вул. Міцкевіча праз палі да Нёмана, купляў табак у краме каланіяльных тавараў, бачыў жывога Прытыцкага каля брамы яго асабняка. І становіцца неяк сумна ад таго, што ўвесь гэты замкнёны сусвет хутка знікне за подпісам нейкай дзяржаўнай асобы… Добра, гэта толькі пачуцці. Я лічу, што ва ўсім вінавата музыка.

Адным з апошніх выступіў Віктар Сямёнавіч Кудлачоў. Сляпы паэт уражвае і міжволі вызывае павагу. Яшчэ хлопчыкам ён страціў зрок, здаецца, падарваўшыся на фашысцкай міне. У 1947 г. ён трапіў у Гродна. «Не маючы зроку, я адчуў гэты горад» – кажа паэт. І адразу цэлы шэраг вершаў: пра вузенькія вулачкі Гародні, пра Каложу і інш. Уражвае. Таму што не можаш зразумець: «як?». Зараз аўтар рэгулярна друкуецца, выходзяць зборнікі ягоных дзіцячых вершаў.

 

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі спрабую ўзяць інтэрв’ю хоць у адной юнай «таленавітай асобы».

 

– Жэня, чаму ты намалявала менавіта гэты дом?.

Паціскае плячыма.

– Ты казала, што табе падабаецца вось той малюнак, чаму?

– Не ведаю.

– Ты наогул любіш Новы Свет?

Маўчанне.

– Ну а па горадзе гуляць любіш?

Пасля невялікай паўзы:

– Я гуляю з бацькамі.

 

Вось так! У дзяцей не бывае настальгіі. А калі і бывае, то толькі па будучыні (як казаў адзін украінскі паэт).

>

Я сам люблю гісторыю: таму калісьці і паступіў на гістфак. Я люблю Новы Свет: я тут вырас і жыву зараз. Мне нават імпрэза спадабалася: паштоўку з выявай ката я паставіў на кніжную палічку.

 

Але бясконцае паглыбленне ў гісторыю не павінна станавіцца сэнсам жыцця людзей сучаснасці. Праблемы гораду не вычэрпваюцца сітуаціяй з імаверным зносам раёну Новага Свету. Для дзяўчынкі Жэні, для хлопчыка-правакатара, падобнага да Тома Соера і для ўсіх астатніх прысутных там дзяцей я пажадаў бы вырасці годнымі хрысціянамі і патрыётамі, якія маглі б адказаць на любыя выклікі часу: карупцыю, аборты, гульнёвы бізнес і інш. Сітуацыя ж з існаваннем ці неіснаваннем у гэты час Новага свету прынцыповай з’яўляцца не мусіць.

Фота аўтара