Пішыце скаргі, гарадзенцы!

Нядаўна вярталася мая мама дахаты пасля працы. А ў адным з «дваровых паўзмрокаў» спатыкнулася і ўпала. Вынік: хуткая дапамога – траўмапункт – два швы на галаве і лёгкае сатрасенне мазгоў. Заклапочаны гэтым выпадкам я вырашыў высвятліць, чаму так кепска асвятляюць адпаведныя гарадскія службы спальныя раёны.

 

Спачатку я звярнуўся да генеральнага дырэктара РУП «Гроднаэнерга» Ўладзіміра Ўладзіміравіча Шатэрніка. Уважліва мяне выслухаўшы, ён растлумачыў, што яны гэтым пытаннем… не займаюцца і варта звярнуцца ў ГУКПП «Гарсвет», які здзяйсняе электрамантажныя працы.

 

Дырэктар Гродзенскага «Гарсвету» Ўладзімір Якубецкі адказаў, што і радыя дапамагчы і разумее сітуацыю, аднак двары асвятляюцца паводле праектаў па забудове яшчэ 60-х гадоў. Такім чынам, дзе паўвека таму асвятленне не было прадугледжана, там яго няма і зараз. Распараджэнні яны атрымліваюць ад гарвыканкама, а на перапраектаванне спальных раёнаў (хай нават частковую) патрэбныя грошы, якіх няма з-за ўсім вядомага крызісу. Па тых жа прычынах горад пераключаецца на начны рэжым асвятлення ўжо з 22 ч 30 хв. у мэтах эканоміі.

 

Зразумела, што ў мяне ўзнікла лагічнае пытанне: гадоў 5 таму так званага крызісу не было, а праблема таксама не вырашалася. Магчыма, улады нічога не прадпрымаюць з-за недахопу… скаргаў, мяркуючы, што раз ніхто не скардзіцца, значыць і праблемы няма. Таму, дарагія гарадзенцы, калі вас нешта турбуе ў жыллёвых пытаннях, не саромейцеся, накіроўвайце скаргі ў адпаведныя органы. Можа, тады нешта зменіцца?

Фота Віталя Вановіча