Мутагенэз у скарочаным варыянце

Мала каго цікавіць, што мы ямо кожны дзень, з чаго гэта «зроблена»? З 40 апытаных намі чалавек, палова заявілі, што нічога не ведаюць пра ГМА. Гэты прабел трэба ліквідаваць! Давайце разбярэмся раз і назаўжды: ГМА – гэта генетычна мадыфікаваныя арганізмы, створаныя пры дапамозе геннай інжынерыі. Тэхналогіі геннай мадыфікацыі шырока ўжываюцца ў сельскай гаспадарцы. Расліны з ГМА маюць павышаную ўраджайнасць, яны ўстойлівыя да шкоднікаў.

 

Існуе два пункты гледжання на ГМА-прадукты.

 

Адны лічаць ГМА найболей танным і эканамічна бяспечным спосабам вытворчасці прадуктаў харчавання. Новыя тэхналогіі дазволяць вырашыць праблему недахопу ежы, інакш насельніцтву Зямлі не выжыць. Сёння нас ужо 6 млрд., а ў 2020 г. па адзнаках САЗ – будзе 7 млрд. У свеце 800 млн. людзей, якія галадаюць, кожны дзень ад голаду памірае 20 000 чалавек.

 

З іншага боку, супраць ГМА выступаюць шматлікія экалагічныя арганізацыі, шэраг рэлігійных арганізацый, вытворцы сельскагаспадарчых угнаенняў і сродкаў барацьбы са шкоднікамі. У выніку штучнага дадання чужароднага гена неспадзявана могуць утварыцца небяспечныя рэчывы. У «лепшым» выпадку гэта могуць быць алергены, таксічныя, або іншыя, небяспечныя для здароўя, рэчывы. А ў горшым – могуць з’явіцца мутацыі і мутанты. Звесткі аб такога роду магчымасцях яшчэ вельмі няпоўныя.

 

Мы вырашылі звярнуцца да гарадзенскага доктара-генетыка за тлумачэннямі. І тут нас чакаў поўны «аблом». Доктарка адмовілася з намі размаўляць, спаслаўшыся на тое, што «ў прынцыпе» згодна адказаць на нашыя пытанні, але толькі пасля ДАЗВОЛУ галоўнага ўрача. Пры чым галоўны ўрач да яе ведаў па генетыцы, мы не зразумелі і дагэтуль.

 

Тады мы звярнуліся да інтэрнэту. На сайце «Кансультацыі Consmed» мы знайшлі ўрача-генетыка Людмілу Русланаўну Самойлаву, якая адказала на нашае пытанне – ці ўплываюць ГМА-прадукты на нашае здароўе? – вельмі сціпла: наўрад ці… А Вольга Вадзімаўна Хлебнікава (урач-генэтык, афтальмолаг) заявіла, што: «Вынікаў навуковых даследаванняў няма. Працэсы мутагенэзу ў жывой прыродзе ідуць заўсёды». Праўда, мутагенэз займае «ў прыродзе» тысячы гадоў. Сучасны ж, «гандлёвы», мае вельмі кароткі тэрмін. Паколькі генетыкі нам не дапамглі разабрацца ў гэтым пытанні, мы мы звярнуліся да… юрыдычнага боку праблемы.

 

Згодна з арт. 10 Закону РБ ад 29 чэрвеня 2003 г. «Аб якасці і бяспецы харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання для жыцця і здароўя чалавека». Прадукты, якія ўтрымоўваюць ГМА, павінны быць пазначаныя надпісам «Утрымлівае ГМА» чырвоным колерам і шрыфтам, які перабольшвае шрыфт наймення тавару. Такая інфармацыя павінна быць на этыкетцы, цэтліку і іншых надпісах ці подпісах каля тавару. Таксама па законе РБ забаронены гандаль і вытворчасць дзіцячых прадуктаў харчавання з ГМА.

 

Праз тыдзень, у другім артыкуле мы распавядзем, як не набываць ГМА-прадукты, што хаваецца за літарай «Е», і ў якіх крамах мы правялі журналісцкае даследаванне.

 

P.S. Калі вы сутыкаліся з парушэннем закону РБ аб ГМА-прадуктах, – калі ласка, звяжыцеся з аўтарамі артыкулу.

Фота http://obozrevatel.com