На каву ў «Манію»
Я ўжо і перастаў шкадаваць пра закрыццё старога мілага «Кронана», дзе афіцыянт-бармэн, пазбаўлены якіх-небудзь эмоцый, прыносіў фірмовую катлету і салат «Нежный», а падпіўшыя кліенты прасілі растлумачыць лацінскі надпіс над копіяй вядомай гравюры. Шкадаваць пра «Астру» мне неяк і не прыходзіла ў галаву, хамскую «Несцерку» зачынілі слушна, а пра лёс бара «Бістро» (у народзе «рыгалаўкі») я проста да апошняга не ведаў. Але чаго бедаваць, калі адкрываюцца паціху новыя кафэ? Апошні здабытак гораду – кавярня «КофеМания».
Утульнае, але надта малое паўстарэннае памяшканне – ідэальнае месца ў выпадку, калі ў суседняй «Карчме» нямашака месцаў ці вы не хочаце есці. Часткова прашклёныя, прыстойныя драўляныя сталы (не з апілак!), утульныя белыя канапы, крыху менш зручныя крэслы, сур’ёзны намёк на спробу дызайнерскага падыходу да інтэр’еру – усё як у «старэйшага брата», толькі горш.
Цагляныя неатынкаваныя сцены, на іх сцэны тыпу «вулачкі старой Горадні» – гэтак банальна, што лепш глядзець у вакно, на патаптаны абутак спяшаючыхся людзей ды пераносціцца ў думках у які-небудзь Uzupio Cavine. Дармовая «стыльная» парада ў сувязі з інтэр’ерам: усё псуюць паршывенькія свяцільнікі і гідкая столь.
Меню добрае, але крыху дарагавата. «А што ж ты хочаш, першая катэгорыя абавязвае» – павінен зараз сказаць азызлы ад аб’ектывізму чытач. Каву латэ робяць правільна. Апельсінавая – нясмачная. Афіцыянтка прыемная ў размове, прыгожая (ножкі, сябры мае, ножкі!) і, відаць, адукаваная – перапытвае беларускія словы толькі адзін раз.
З плюсаў: хутка адрэагавалі на прапанову займець яшчэ адну вешалку для вопраткі (адной проста не хапала на ўсіх) – другая з’явілася ўжо на наступны дзень. Варта было б таксама ўносіць кошт цукру ў агульны кошт напою, а то пры атрыманні рахунку ўзнікае непрыемнае адчуванне, быццам вас «аблічылі».
Што атрымліваем у выніку? Стандартную, папсовую, прыгожую, безаблічную кавярню, якіх дзесяткі ў кожным горадзе за нашай заходняй мяжой. Адметнасці ніякай, але ж ці вы сапраўды чакалі іншага? Грэе душу прыстойная музыка. Заскочце ў перапынку на каву латэ, вам спадабаецца.