Валанцёры супраць браканьераў

|

Акцыя працягнецца два месяцы і ахопіць амаль увесь перыяд нераставання.

У якасці арганізатраў руху выступаюць грамадскія арганізацыі “Ахова птушак бацькаўшчыны” і “Экадом”.

 

Браканьерства падчас нераста – адна з асноўных прычын знішчэння і без таго рэдкіх у Беларусі ласасёвых. У гэты перыяд яно спрошчана да элементарнага. Даволі крупныя рыбіны заходзяць у мелкія празрыстыя рэчкі-прытокі Віліі і суткамі стаяць на мелкаводдзі, сцэжваючы і закопваючы ікру ў гнёзды. Такую рыбу можна браць практычна голымі рукамі, што ўжо казаць аб сучасным абсталяванні. Усе мясцовыя ведаюць аб гэтым, і ахвотных пажывіцца не мала. У гэты час завітваюць сюды і прыезжыя браканьеры.

 

Менавіта таму сёлетняя акцыя пад назвай “Захаванне ласасёвых рыб у рэках Беларусі”мае на мэце не дазволіць “рыбаловам аматарам і прафесіяналам” вынішчыць тых нешматлікіх асобінаў чырвонакніжнікаў, якія дабяруцца да нашых рэк ў гэтым годзе.

 

Дзеля дасягнення такой мэты па ініцыятыве АПБ былі праведзены арганізацыйныя сустрэчы па пытанні сумеснага патрулявання рэчак. Удзел у іх бралі прадстаўнікі Смаргоньскай міжрайінспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце РБ, Астравецкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Усе ўдзельнікі жадаюць спалучыць намаганні ў антыбраканьерскай кампаніі 2009. Мажліва да іх далучыцца і Смаргоньскі памежны атрад. У рэгіёне будуць расклеены плакаты, якія патлумачаць адказнасць асобаў за браканьерскую дзейнасць.

 

Валанцёры ўжо наведалі асноўныя нераставыя рэкі 13-15 лістапада. На працягу ўсяго перыяду нерасту, а менавіта да канца снежня, АПБ будзе ладзіць валанцёрскія “летнікі” на Астравеччыне, да якіх можа далучыцца кожны неабыякавы. У бліжэйшы час летнікі плануецца арганізовываць у выходныя 21-22 і 28-29 лістапада. Акцыя будзе мець працяг у снежні. Трансфер з Мінску, харчаванне на месцы арганізовываецца за кошт арганізатараў. Пражыванне валанцёраў арганізовываецца у вясковай хаце. Магчымасць удзелу з асабістым транспартам (з кампенсацыяй выдаткаў на паліва) вітаецца. Па пытаннях удзелу звяртайцеся да кіраўніка праекту Вольгі Лукшыц праз электронную пошту lukshyts@ptushki.org (пазначайце тэму ліста – летнікі ласось і пакідайце нумар тэлефона). Або па тэлефонах офіса АПБ: гарадскі 8-017-263-06-13; МТС 8-029-223-06-13; Velcom 8-029-101-68-87.

 

Фота http://www.energyland.info