Санітарныя тройкі супраць шаленства
Дадатковыя меры бяспекі прадугледжаны на тэрыторыі вакол Гродзенскага камбіната будаўнічых матэрыялаў (ад вул. Багуцкага да вул.Горкага), дзе з 6 лістапада, пасля выпадку шаленства лісы, уведзены карантын.
25 лістапада ў небяспечнай зоне будзе праведзена перарэгістрацыя хатніх жывёл.
Спецыялісты спраўдзяць наяўнасць рэгістрацыйных пасведчанняў на жывёл і звесткі аб прышчэпках ад шаленства за апошнія два гады.
Гаспадарам, якія ўхіляюцца ад вакцынацыі сваіх катоў і сабак, пагражае адміністратыўная адказнасць.
У небяспечнай зоне працуе санітарная тройка, якая зоймецца адловам катоў і сабак, якія бадзяюцца без нагляду.
Гродзенцам, што пацярпелі ад пакусаў жывёл, неабходна звяртацца па дапамогу ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.
Спецыялісты лічаць, што перастрахавацца трэба і тым, каго падазроная жывёла проста лізнула: на скуры могуць быць парэзы ці ранкі, а сліна шалёных жывёл небяспечная.