ГАЛОЎНАЕ – СПАКОЙ, ЦІ ШКОДНЫЯ ПАРАДЫ

Калі на першае спатканне ты прыйшоў з падраным рукавом, скажы ёй, што быў у няроўнай сутычцы за яе гонар.

Калі яна здзівіцца і скажа, што вы бачыцеся толькі першы раз, скажы, што тых ты бачыў таксама ўпершыню.

Калі ты яму тэлефануеш, а ён недаступны і дзяўчына любасным голасам гаворыць, што ён з нейкай Колбай Лэйтар, не вер ёй: ён у твайго дзеда на лецішчы калодзеж рые.

Калі ты ёй прынёс шыкоўную, але трохі сухую ружу, а яна раптам ёй не спадабалася, скажы, што ты чакаў гэтую дзяўчыну ўсё сваё жыццё… адпаведна з букетам руж, і вось што засталося.

Калі ты ўбачыла яго з іншай у кафэ, не хвалюйся, усе мы сёстры і браты, і гэта значыць – сямейны абед.

Калі яна глядзіць скрозь цябе і ігнаруе твае запрашэнні ў тэатр, ведай, яна проста страціла чуццё і зрок, не кідай яе ў такім цяжкім стане і будзь побач, якія б псіхічныя ўскладненні гэтая хвароба не дала на мозг.

Калі пасля першага пацалунку ён стаў на цябе неяк дзіўна неміргаючы глядзець, не спакушайся, ты проста забыла зняць з зубоў брэкеты.

Калі яна спазняецца на тры гадзіны, а на твой чырвоны нос спыняюцца аўта, ведай, яна рыхтуе ежу, займаецца праннем і энэргічна пыласосіць, зараз хутка збярэцца і прыйдзе.

Калі кішэні яго курткі набітыя жаночай бялізнай, не крычы на яго: цяжкія зараз поры, усё ў хату! Ганарыся здабытчыкам! Калі цябе не ўзлюбіла яе маці, а бацька хмурна паціскае тваю далонь, ні ў якім разе не крыўдзіся на сталых людзей: эканамічны крызіс, а ты іх гарбату п’еш!

Калі ты ходзіш з сяброўкамі па крамах, нікога не чапаеш, а ён тэлефануе і гаворыць пра марнаванне яго грошай, то ўзгадай яму ружу.

Калі яна лічыць цябе скнарай, дакажы ёй сваю шчодрасць: купі нарэшце гэты глазураваны сырок!

Калі ты адправіла яго ў войска, і ён ужо паўтары гады піша табе лісты, – адкажы, а то падумае яшчэ невядома што…

Калі ён забыўся сустрэць цябе на вакзале, не хвалюйся, калі ён вёў цягнік, вельмі стаміўся, хутка выйдзе.

Калі яна вучыцца ў групе з аднымі хлопцамі, усё нармалёва, у наш час на візажыстаў вучацца толькі блакітныя.

Калі ён сядзіць на канапе, глядзіць тэлевізар і нічога больш не бачыць вакол сябе, лаві момант, толькі зараз ты зможаш накарміць яго старажытным, усімі забытым супам.

Нагадвала Лізавета ГАРОХАВА

Фота Алінкі НОВІК