Пяць кампліментаў гарадзенцам

Першымі гарадзенцамі, якія выклікалі ў мяне сімпатыю, былі… кіроўцы. Я была ў многіх краінах, і зрабіла такія высновы – найменш ветлівымі кіроўцамі ў дачыненні да пешаходаў, з’яўляюцца палякі. Самымі ветлівымі я лічу ангельцаў: ніколі ў Англіі на пешаходным пераходзе мне не прыходзілася чакаць, кіроўцы тармазілі загадзя. На гарадзенскіх вуліцах – падобна. Як толькі я падыходжу да пераходу, кіроўцы мільгаюць фарамі і прапускаюць мяне. Эканомяць свой і мой час. А найбольш ветлівымі мне падаліся таксісты і кіроўцы маршрутак.

 

Правілы паводзінаў у кожнай краіне розныя. Мне прыйшлося даволі доўга прывыкаць да мясцовых. Спачатку мне падалося, што ў дзелавых адносінах, нават у крамах, беларусы занадта афіцыйныя і недаступныя, нават непрыемныя. Потым я ўсвядоміла, што гэта – павярхоўнае ўспрыманне. Насамрэч, людзі тут добразычлівыя, ахвотна дапамагаюць адзін аднаму. А першапачатковая замкнёнасць, магчыма, форма абароны.

 

Беларусы добрыя прафесіяналы і спецыялісты ў сваіх напрамках дзейнасці, прыкметна, што яны не баяцца ніякай працы і да любой працы ставяцца з павагай. Праўда, зазначыла я і два выключэнні – службоўцы дзяржаўных устаноў і афіцыянты. Яшчэ ў часе вучобы, дзякуючы рускамоўным стужкам, я адзначыла, што людзі постсавецкай прасторы шануюць прастату. Доўга я гэтага не разумела і нават не прымала. Але жыццё прымусіла мяне вярнуцца да гэтага пытання і перагледзець яго. Збіраючы з калегам матэрыял пра гарадзенскі Новы Свет, я зразумела, што тут усе – прыхільнікі прастаты. У чым яе сутнасць? Гэта ўспрыманне свету такім, які ён ёсць, без непатрэбных разваг і запытаў «я павінен мець больш». Гэта жыццё ў згодзе з… жыццём. Гэта тое ж, калі мае знаёмыя прыходзяць дапамагчы мне рабіць дранікі, а не есці іх з крыштальных талерак.

 

Акрамя такіх філасофскіх «плюсаў» мясцовага жыцця, мне бы хацелася адшукаць яшчэ парачку прыкладаў. Але ўжо больш «матэрыяльных». Уразілі мяне дзве рэчы ў Гродна.

 

Першае, гэта чыстыя вуліцы. Яны чыстыя і таму, што жыхары гораду клапоцяцца аб чысціні, і таму, што адпаведныя службы з самай раніцы выходзяць на ўборку.

 

Другое, гэта светлафоры. Не мяне адну зачароўваюць мілыя зялёныя чалавечкі, якія альбо паслухмяна стаяць, альбо жыва перабіраюць ножкамі. А каб не затрымліваць рух, пад імі – цыферблат.

 

Мы любім Гродна не толькі за яго архітэктурныя помнікі і гістарычную каштоўнасць, але і за тых, хто тут жыве. Для нешматлікіх турыстаў гэта не мае значэння, а для тых, хто прыязджае сюды да сваіх сяброў, гэта так.