КУДЫ МАРНУЮЦЦА ГРОШЫ?

На самой справе паляпшэнні зусім непрыкметныя, ці іх няма ўвогуле. А кошты на жыллёва-камунальныя паслугі павялічваюцца кожны год. Сёлета – найбольш адчувальна.

Тым часам ўяўляюцца панскія маёнткі з басэйнамі, каторыя нажылі сабе чыноўнікі за народныя сродкі. Якія яшчэ на конт гэтага могуць быць здагадкі, калі кошты на камунальныя паслугі безупынна растуць, а якасць гэтых «паслуг» застаецца па-ранейшаму абыякавай? Мімаволі ўзнікаюць пытанні: чаму растуць кошты і куды марнуюцца грошы насельніцтва? Дапамагаў разбірацца з гэтымі пытаннямі (калі гэта можна назваць дапамогай) дырэктар гродзенскага УЖРЭПу Яўген Кердаль:

– Кожны год мы праводзім замену састарэлага абсталявання на больш новае, сучаснае, яно каштуе дорага і ўвесь час кошты падвышаюцца. Дадайце да гэтага спецыяльныя прафілактыкі, за правядзенне якіх таксама трэба плаціць. Акрамя ўсяго, мы забяспечваем кожнага (кожнага! – аўт.) жыхара пакетам сацыяльных патрэбаў. Не задарма, як вы разумееце. Ці ёсць яшчэ пытанні, на што трацяцца грошы?

Напэўна, гэты паважаны чалавек ніколі не бываў (яму і не трэба) у гнілых падвалах савецкіх пяціпавярховак, дзе цякучыя дзіравыя трубы гадоў дзесяць не мянялі на «новыя, сучасныя». Хто, як ні насельніцтва, плаціць за воду, што свішча з гэтых трубаў? А між тым, «спецыяльная» прафілактыка праводзіцца як бы рэгулярна. Не задарма… як вы разумееце. А яшчэ спадар Кердаль адзначыў:

– Кожнаму зразумела, што хоць мы імкнемся ўхіляць няспраўнасці ў самы кароткі час, мы не заўсёды паспяваем дапамагчы кожнаму…

…Таму, добрыя людзі, пачакайце яшчэ два-тры гады, да вас прыйдуць п’яненькія дзядзькі-сантэхнікі, нешта пакруцяць, павінцяць, а праз тыдзень пасля такой «работы» вас залье ізноў.

Яўген Кердаль мякка абыйшоў усе «занозы»: мяняем, паляпшаем, забяспечваем, ва ўсіх усё добра. Нават не пабаяўся паказаць вялізны спіс скарг ад жыхароў (аказваецца, не ўсё так добра). «А тарыфы на паслугі вызначаем не мы, гэтым займаецца Савет міністраў. Звяртайцеся, калі ласка, туды. Мы можам толькі паказаць вам іх пастанову на 2009 год». З пастановы відны ўсе тарыфы і кошты, якімі дзяржава ізноў «узнагародзіла» насельніцтва. Відавочна, усе пытанні па жыллёва-камунальных справах трэба задаваць непасрэдна Савету міністраў, ні як інакш.

Яўген ІВАНОЎ