Мірскі замак – архітэктурны сімвал Беларусі
Прэзентацыя сацыялагічнага даследавання «Чым нам ганарыцца: гістарычная памяць, нацыянальныя героі і брэнды вачыма сучасных беларусаў» адбылася ў гатэлі “Мінск” 2 снежня.
Галоўнай тэмай даследавання была нацыянальная ідэнтычнасць сучаснага беларуса, яго гістарычная памяць, нацыянальныя брэнды і “селебрыці”: каго беларусы больш паважаюць як з гісторыі, так і з сучаснасці, да каго хацелі б быць падобнымі”.
“Твой стыль” публікуе сёння некаторыя цікавыя вынікі гэтага даследавання.
Так, беларусамі як асобнай нацыяй з асобнай гісторыяй і культурай лічаць сябе 51,8%, аднак 41,9% прытрымліваюцца думкі, што ўваходзяць у склад трыадзінай славянскай нацыі: беларусы, украінцы, рускія.
Крыніцай паходжання беларускай дзяржаўнасці для большасці сучасных беларусаў з’яўляецца ВКЛ (38,1%), Полацкае і Тураўскае княства і БССР “набралі” адпаведна 17,7% і 12,4%, што значна пераважае адказы “Рэспубліка Беларусь” (9,2 %) і “БНР” (5 %).
Галоўным нацыянальным святам для 56,9% рэспандэнтаў апынулася 3 ліпеня, а для 21,8% – 9 мая. Зусім малая частка адзначыла, што галоўнае свята – гэта Новы год (4,5%) і 25 сакавіка (1,2%).
Што да нацыянальнай сімволікі, то 72,6% адказаў прыйшлося на чырвона-зялёны сцяг і герб РБ, 7,7% – на бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоню”, але “абодва ў роўнай ступені” адказалі 11,2%.
Найлепшым гуртом, як сведчыць апытанне, з’яўляюцца “Песняры”, якія набралі 39,8%. Пры гэтым, здавалася б, такі папулярны гурт як “Ляпис Трубецкой” набраў усяго 3,9%.
Самымі папулярнымі гістарычнымі дзеячамі сталі Францыск Скарына (24,9%), Пётр Машэраў (12,7%), Кастусь Каліноўскі (7,1%) і Ефрасіння Полацкая 4,1%.
Фота: www.newsby.org