На дарогах Гродзеншчыны няма ніводнага медпункта

|

Камітэт дзяржаўнага кантролю прызнаў нездавальняючай працу па развіцці прыдарожнага сэрвіса на Гродзеншчыне.

На калегіі КДК Гродзенскай вобласці старшыня камітэта Сяргей Раўнейка адзначыў, што дакладнай канцэпцыі развіцця прыдарожнага сэрвіса няма, уздоўж дарог часам ствараюцца “пацёмкінскія” кавярні і крамкі, значная колькасць аб’ектаў не адпавядае сучасным патрабаванням.

На Гродзеншчыне 180 аб’ектаў прыдарожнага сэрвіса: 45 АЗС, 49 пунктаў харчавання, 8 гасцініц, 12 пунктаў тэхгнічнага абслугоўвання, 3 аўтамыйні, 9 стаянак з аховай, 54 пляцоўкі адпачынку.

Большая частка іх знаходзіцца чамусьці ў населеных пунктах.

Дэталёва было праверана 36 прыдарожных аб’ектаў гандлю і харчавання.

70% з іх не адпавядаюць патрабаванням, чвэрць рэалізуе пратэрмінаваныя прадукты, парушае асартымент тавараў, каля 30% парушаюць дысцыпліну коштаў і санітарныя нормы.

Па выніках праверкі 10 юрыдычных і 64 фізічныя асобы аштрафаваныя на 43,4 міліёна рублёў.

Большасць пляцовак адпачынку на дарогах Гродзеншчыны таксама ў жахлівым стане: смецце, паламаныя альтанкі, антысанітарныя прыбіральні.

“Гроднааўтадор” у сваю чаргу паведамляе, што толькі на аднаразовае ўпарадкаванне тэрыторый паабапал дарог вобласці, якія складаюць 2120 кіламетраў, патрабуецца 75 міліёнаў беларускіх рублёў, якіх няма.

Усталяванне адной прыбіральні з каналізацыяй, ацяпленнем і водаправодам каштуе каля 250 міліёнаў, якіх няма тым больш.

Па матэрыялах БелТА