Цудадзейны абраз прывезлі ў Гродна

Учора ў Свята-Пакроўскім катэдральным саборы гродзенцы ўрачыста сустракалі цудадзейны абраз Пясчанскай Маці Божай. Абраз упершыню патрапіў у Беларусь, і на шляху да Гродзеншчыны ўжо пабываў у Віцебскай і Полацкай епархіях.


Гісторыя Пясчанскай Маці Божай вядзецца ад 1754, калі свяціцель Іаасаў Белгародскі ўбачыў яе ў адной з цэркваў горада Ізюм, што ў Харкаўскай вобласці. “Пясчанскім” абраз стаў называцца па назве вёскі Пяскі, што ў двух кіламетрах ад Ізюма. Менавіта там ікону размясцілі ў мясцовым храме.

Вернікі звязваюць шмат цудоўных з’яваў з гэтай выявай Маці Божай. Напрыклад, у горадзе Ізюме яна спыніла эпідэмію халеры, а калі падчас Першай сусветнай яна знаходзілася на фронце, расейскае войска не атрымала ніводнай паразы.

У пятніцу, пасля літургіі, адбудзецца крыжовы ход з цудадзейным абразам да дамавога храма, які будуецца на архіерэйскім падвор’і. Пасля набажэнства на храм усталююць купал і крыж. Цудадзейны абраз пабывае ў гродзенскіх храмах, якія будуюцца ў гонар Сабора Ўсіх Беларускіх Святых і Іаана Хрысціцеля.

Здымак з prosto-free.livejournal.com