Нататкі фаершчыцы-пачаткоўцы: не гуляй з агнём

Аднойчы, ідучы ўвечары дахаты, я зусім выпадкова натыкнулася, як цяпер ужо разумею, на так званае fire-шоў: некалькі дзяўчат і хлопцаў круцілі факелы на кароткіх і доўгіх ланцугах. Вакол іх калыхаўся натоўп, які проста пажыраў вачыма агонь, а вушамі – гукі дуды і барабана. Ва ўсіх гледачоў адвісалі сківіцы, калі дзяўчат выгіналіся з агнём, які быў так блізка. «Як яны сябе не падпальваюць?» – чулася з усіх бакоў. Відовішча доўжылася хвілін 20, пакуль не з’явілася наша доблесная міліцыя з загадам тушыць агонь і збірацца. Натоўп расчаравана ўздыхаў і не жадаў адпускаць «вогненных артыстаў». Але людзей разагналі, агонь патушылі, гукі заціхлі, і я паплялася дахаты.

 

Прыблізна праз год, на наступнае лета я зноў трапіла на fire-шоў каля Каложы. Але да таго часу ў мяне ўжо былі сябры сярод фаершчыкаў, якія растлумачылі мне «што і да чаго» і паказалі на прыкладзе. Станавіцца «вогненнай дзяўчынай» мяне не цягнула, і я проста прыходзіла глядзець.

 

Але вось гэтай зімой мне раптам захацелася зрабіць разнастайным сваё жыццё. Я доўга перабірала гурткі, клубы па інтарэсах, спартыўныя секцыі, але так нічога і не абрала. І тут у ТС я атрымала заданне напісаць артыкул пра поістэраў, і адправілася да іх на трэніроўку. «Паспрабую «змяніць прафесію!» – з гэтай думкай я адчыніла дзверы ў памяшканне, дзе займаліся фаершчыкі. Прынялі вельмі ветліва. Спачатку мне распавялі пра «небяспечныя» бакі гэтай справы і пра здарэнні:

 

– Вядома, былі выпадкі, што і валасы падпальвалі, і бароды, і нават «пятую кропку» сабе дзяўчына падпаліла, але ў цэлым гэтая справа – не траўматычная, – смеючыся расказвае Лёша, адзін з заснавальнікаў fire у Гродна. – Затое сінякоў будзе шмат.

 

Пасля тэарэтычнага «курсу» мне было прапанавана ўзяць у рукі трэніравальныя поі. Практычнае навучанне аказалася досыць непростым. Каардынацыя мая кульгала на абедзве нагі. Праз палову гадзіны, стомленая, але задаволеная, я любавалася на сябе ў люстэрка, паўтараючы штораз першы вывучаны элемент. Гэта дзіўная перакручаная васьмёрка мае назву «трохбітка» і з’яўляецца базавым элементам… Усю дарогу пасля трэніроўкі мне распавядалі пра прамудрасці гэтага рамяства… Ці спорту?.. Ці мастацтва?..

 

Два тыдні я спраўна хадзіла на трэніроўкі. Навучылася асновам і некаторым базавым элементам. Поі нарэшце закруціліся роўна і мне паведамілі, што я – вучаніца здольная, хоць і крыклівая. Сінякоў на целе да таго часу і праўда ўжо назапасілася. Але жаданне працягваць навучанне расло з кожнай трэніроўкай. Вядома, больш за палову з таго, што мне паказвалі, не атрымлівалася нават прыблізна. Але я з зацятасцю пляжыла сябе поямі па спіне, рукам, нагам і галаве – набывала досвед.

 

– Натуральна, пачаткоўцам у рукі агонь мы не даём. – На першым занятку папярэдзіла мяне Юля, дзяўчына, якая цяпер узяла на сябе адказнасць за калектыў. – Толькі пасля таго, як чалавек зможа звычайна круціць трэніравальныя поі без траўматызму.

 

Шчыра кажучы, адразу на агонь я і не спадзявалася… Ды і не ўзялася б. Страшна! Але праз вызначаны час трэніровак адбылася доўгачаканая падзея. Сябры-фаершчыкі вывелі мяне далей ад людзей на спробы.

 

Поі замочаня ў газе, атрэсеныя ад лішняй вадкасці, да іх падносяць запальнічку і яны… загараюцца. Якое ж было захапленне, калі агонь узляцеў пры дапамозе маіх рук. Спачатку я ў паўзабыцці павольна і асцярожна рабіла самае простае. Калі спынілася перадыхнуць, паглядзела на сяброў і ўбачыла напраўлены на мяне вогнетушыцель, доўга смяялася. А потым… Потым усе супакоіліся, падпалілі свой інвентар і круцілі ўжо ўсе разам. Поі патухлі хвілін праз 10.

 

Даведка. Заўважу, што ў арсенале фаершчыкаў – не толькі поі. Ёсць такая іх варыяцыя як РоупДарт, у народзе – «метэор». Па сутнасці тое ж самае, толькі факел адзін і ў два разы большы, чым на поях. Даўжыня ланцуга таксама ўражвае – каля 4-х метраў. Круціцца ён адной рукой і выглядае гэта фантастычна. Яшчэ адна прылада – «стаф»: металічная труба, на якой з двух бакоў прыроблены факелы. Як правіла, і «метэор» і «стаф» круцяць хлопцы. А жаночай альтэрнатывай пой зяўляюцца вееры. Выглядае гэта сапраўды зачаравальна і казачна. У Гродна чагосьці падобнага я не бачыла. А пералічыла тое, што давялося патрымаць у руках.

>

Можа, гэта не сціпла, але я сабой ганаруся  

Час ідзе. І вось мне ўжо давялося выступіць «на публіцы». Гэта было ў два разы страшней, чым круціць поі ў коле сяброў. Але людзей было не шмат, і я паспяхова выканала новыя выкрутасы, якія паспела вывучыць напярэдадні. Дахаты прыйшла з едкім пахам газы, у брудных джынсах і з бруднымі рукамі, але жудасна задаволеная і прыемна стомленая. Гэта была мая першая маленькая перамога на шляху да сапраўднай «фаершчыцы».

 

Мой эксперымент для напісання артыкулу зацягнуўся надоўга і ператварыўся ў сапраўднае захапленне. І «вогненныя» трэніроўкі я кідаць не збіраюся. Напэўна, гэта і ёсць занятак на мяжы паміж спортам, рамяством і мастацтвам. Мае пошукі занятку для душы скончаныя.

Фота Юры Іванюка