Пра унiверсiтэцкi сенат i гарачую каву
Хоць адукацыю атрымліваю ў Польшчы – нашай суседцы, процму адрозненняў бачна адразу. Пачну з працэсу паступлення. Што заўважаеш з першага позірку – далёка ня ўсе выпускнікі школ і ліцэяў ставяць сабе такую мэту, як вышэйшая адукацыя. Існуюць шматлікія магчымасці за хуткі час атрымаць, напрыклад, якую-небудзь простую тэхнічную спецыяльнасць.
А потым, працуючы, накіравацца ва ўнівер, ці, што часцей, лічаць сябе дасягнуўшымі галоўнага ў жыцці і спыняюцца на гэтым. Але, вернемся да тых, хто ўсё ж такі накіраваўся да ВНУ. Ім не прыдзецца здаваць іспытаў! Можа, па спецыяльнасцях, што датычаць дакладных навук, але толькі ў некаторых універах. Гэта значыць, што кожная ВНУ сама вырашае якім чынам яна будзе прымаць студэнтаў. Так, іспытаў няма, але ёсць сумоўе. Польскія выкладчыкі перакананыя ў тым, што 10-ці хвілінная размова паказвае здольнасці кандыдата значна лепш за якія заўгодна тэсты.
Канешне, перад размовай разглядаюцца дакументы кандыдата, атэстат і ягоныя школьныя дасягненні. Такім чынам, мы паступілі ў Эўрапейскую ВНУ. Пашукаем адрозненняў ад нашых. Пачнем з яўных улад. Рэктары ў Эразвязе не назначаюцца на свае пасты, яны выбіраюцца праз сенат. Гэта даніна традыцыі першых універсітэтаў. З часоў Рэчы Паспалітай нават кароль не мог умешвацца ва ўнутранныя справы тагачасных ВНУ: уплываць на праграму навучання, ці тым больш назначаць рэктара. Універсітэцкі сенат складаецца з найбольш паважаных і вядомых прафесараў, з закладальнікаў установы, некалькі прадстаўнікоў гарадскога магістрату і спонсараў, якія з большага не маюць уплыву на рашэнні сэнату і…з трох студэнтаў.
Іх прысутнасць у сенаце – не фармальнасць, яны – прадстаўнікі ўсіх навучэнцаў універсітэту і іх галасы насамрэч шмат важаць. Дэлегатаў у сенат выстаўляе студэнцкае самакіраванне. Гэты орган у сваю чаргу мае вялікую ўладу. Самакіраванне дапамагае атрымаць стыпендыю, матэрыяльную дапамогу, калі вас не дапусцілі да экзаменаў з-за пропускаў, а нагода была сур’ёзнай (толькі ў дэканаце гэта не вельмі разумеюць), то яно можа даць магчымасць здаць сесію. Арганізацыя вечарын, экскурсіі за мяжу – усё гэта ў руках студэнтаў.
Самакіраванне звычайна мае абсталяваны офіс, дзе заўсёды прысутнічае некалькі дзяжурных, якія прыйдуць вам на дапамогу. Удзел у ім – вялікі гонар для кожнага студэнта і не трэба думаць, што гэта месца, дзе нахаляву выдаюць даведкі. Зараз студэнты Польшчы аб’ядналіся перад зніжэннем ільгот на праезд з 49 да 37 адсоткаў. Студэнты інфарматыкі Варшаўскага ўніверсітэту стварылі інфармацыйны сайт, дзе збіраюць подпісы дзеля вяртання льгот. Будучыя праўнікі адаслалі ў польскі сейм пратэст, а па краіне прайшла хваля студэнцкіх пратэстаў. Зараз кожны ўніверсітэт збірае подпісы ў абарону льготаў. Сейм у сваю чаргу задумаўся і зараз разглядае гэтае пытанне. Не да параўнання з нялічнымі акцыямі ў Беларусі, дзе льготы былі адмененыя ўвогуле. У Польшчы на 427 ВНУ прыходзіцца 301 прыватны ўніверсітэт – гэта найбольшая лічба ў Еўропе. Трэба прызнаць, што прыкладна палова недзяржаўных устаноў знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні, але той факт, што абітурыенты намагаюцца да іх трапіць паказвае, што якасць навучання дзяржаўных універсітэтаў яшчэ ніжэйшая. Нашыя трынаццаць прыватных ВНУ не складаюць канкурэнцыі дзяржаўным, не з нагоды іх малой колькасці, а таму, што пра іх ніхто не ведае. Дый нават іхнюю “прыватнасць” часамі можна паставіць пад пытанне. Студэнцкае ж жыццё не вельмі розніцца ад беларускага.
Жывеш, як вядома, ад сесіі, да сесіі. Але ёсць некалькі прыемных момантаў. Успамінаюцца расказы адной знаёмай, што падчас лекцыі патаемна (каб толькі выкладчык не заўважыў!) спажывала шакаладку. Тут жа, ты спакойна можаш падхарчоўвацца і папіваць каву, як не дзіўна выкладоўцам гэта ніколькі не перашкаджае. Не трэба надта хвалявацца, калі вы на пару хвілін спазняецеся на лекцыю, існуе 15-ці хвілінны ўрывак часу, на які можна спазніцца не атрымаўшы пры гэтым “н-ку” на тых нялічных прадметах, дзе прысутнасць абавязвае. Амаль у кожным універсітеце існуе сетка WI-FI, якой можна карыстацца не толькі ў навучальных мэтах, адчыненыя інтэрнет старонкі. Больш таго, жыхары кожнага студэнцкага інтэрнату маюць у сваіх пакоях неабмежаваны доступ да сеціва. Як ужо ўспамінаў, паміж ВНУ ідзе сур’ёзная барацьба за студэнта.
Канферэнцыі па ўсемагчымым пытанням, візіты знакамітых гасцей адбываюцца практычна кожны тыдзень. Тут я, вядома, маю на ўвазе больш-менш прэстыжныя ўніверсітэты, далёка не паўсюль усё так цудоўна. Не магу не пахваліцца, толькі ў мінулым годзе ў маім «Collegium Civitas» прайшлі дзесяткі навуковых канферэнцыяў. На якіх гасцілі паміж іншымі: Наомі Кляйн – вядомая канадская пісменніца і публіцыстка, прэм’ер Галяндыі Ян Пітэр Балькененде, ген. Ярузельскі і іншыя. Універсітэты таксама дапамагаюць у пошуку працы і неабходным досведзе. У большасці устаноў кожны студэнт павінен мець некалькі месяцаў практыкі.
Звычайна за мяжой. Ініцыятывы толькі вітаюцца. Я ніколькі не хацеў стварыць ідэалізаваны выгляд замежнай адукацыі. Там таксама вялікая колькасць клопатаў, не менш сур’ёзных за нашыя. Балонская сыстэма так да канца і не ўмоўленая з усімі краінамі Эўразвязу. У дэканаце вы таксама знойдзеце такіх самых сталых мадам, якім да вас няма аніякае справы, асабліва, калі вы на першым курсе. Падручнік, што вам парэкамэндаваў ваш прафесар, вы не знойдзеце ні ў сеціве, ні ў краме, бо гэта выданнне 10-15 гадовай даўнасці. І г.д.