Яўхім Карскі з «беларускага племені». Ч. 1

Каб напісаць пра Я. Карскага, пра яго навуковую спадчыну, і беларусаў, якія шмат зрабілі для захавання памяці пра свайго славутага земляка, давялося пагартаць шмат даведнікаў, папрасіць дапамогі ў людзей, якія распрацаўвалі гэтую тэму. Кароткая даведка з энцыклапедыі: «Славуты беларускі філолаг Яўхім Фёдаравіч Карскі, у асобе якога спалучаліся мовазнаўца, літаратуразнаўца, фалькларыст, палеограф, бібліёграф, педагог, грамадскі дзеяч, нарадзіўся 1 студзеня 1861 году ў сям’і вясковага настаўніка пачатковай школы ў вёсцы Лаша Гродзенскага раёну… Скончыў Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут, тут ён пад кіраўніцтвам прафесара Р.Ф. Бранта напісаў сваю першую кнігу, прысвечаную гукаваму ладу і марфалогіі беларускай мовы… »

 

align=”left” >Імя выбітнага нашага земляка, акадэміка Яўхіма Карскага, шырока вядома не толькі на Беларусі. 33- гадовага навукоўцу Рускае геаграфічнае таварыства ўзнагародзіла залатым медалём за навуковыя заслугі ў галіне этнаграфіі. Потым «пасыпаліся» ўзнагароды: палавінная Ламаносаўская прэмія ў 1901 годзе, залаты медаль імя К.М. Бацюшкава (1902), прэміі імя Бацюшкава (1910) і імя В.В.Ахматава (1913)…

 

У 1916 годзе за шматгранную дзейнасць яго абралі акадэмікам Расійскай Акадэміі навук. У 1929 ён быў абраны акадэмікам Чэшскай Акадэміі навук. Двойчы абіраўся рэктарам Варшаўскага ўніверсітэту.

 

Для Беларусі галоўным яго подзвігам з’яўляецца стварэнне навукі пра беларускую мову, напісанне трохтомнай працы «Беларусы», дзе Я. Карскі ў першым томе змясціў «Этнаграфічную карту беларускага племені. Беларускія гаворкі». З гэтай мапы ў беларускім мовазнаўстве пачалася новая навука – лінгвістычная геаграфія.

 

У вёсцы Кунцаўшчына, што па суседстве з Лашай нарадзіўся таксама вядомы краязнаўца, паэт, асветнік, заслужаны настаўнік Беларусі Апанас Цыхун.

 

 

Менавіта дзякуючы намаганням Апанаса Цыхуна, настаўнікаў і вучняў Лашанскай школы і быў адкрыты 19 снежня 1964 году ў Лашанскай школе мемарыяльны музей Яўхіма Карскага.

 

Там былі асабістыя рэчы вучонага, аўтографы, навуковыя працы, фотакопіі рукапісаў, «Этнаграфічная карта беларускага племені», успаміны яго дачкі Н.Я. Баркоўскай. Тысячы экскурсантаў з розных краін пабывалі ў гэтым музеі. Кіраўніцтва калгасу дапамагала адзначаць юбілейныя даты, звязаныя з Яўхімам Карскім, на якія запрашалася шмат гасцей. Так было ў Лашы і ў часе святкавання 130 гадавіны з дня нараджэння Яўхіма Карскага ў 1991 годзе, на якое з’ехаліся вядомыя філолагі… Але менш як праз год (Беларусь ужо атрымала незалежнасць!) стала вядома аб закрыцці Лашанскай школы і музею. Не дапамог захаваць музей ні ліст ад унучкі Я.Карскага Т.С. Карскай, ні абіванне абцасамі парогаў чыноўніцкіх кабінетаў Апанасам Цыхуном. Іншых галасоў у падтрымку музея чуваць амаль не было… Школьнікаў перавялі з васьмігадовай школы ў Лашы ў Луцкаўлянскую сярэднюю школу. А ў Лашанскай школе зрабілі інтэрнат для мігрантаў з былога СССР.

 

Сярод лашанскіх курных хат,

У царкоўнай школе задарожнай,

Ты свет убачыў,

успамінаў шмат

Пакінуў нам аб вёсцы роднай…

(З верша Апанаса Цыхуна. На фота – А.Цыхун у маладосці)

 

Чаго ў гэтай гісторыі закрыцця музею было больш? Малой колькасці вучняў у школе? Недахопу грошай і тутэйшай працоўнай сілы? Наўмыснага сцірання людской памяці? Ці звычайнага галавацяпства? У выніку чаго былі часткова расцягнутыя і страчаныя музейныя экспанаты і кнігі.

 

P.S. 19 снежня 2009 году невялікая колькасць людзей адзначыла толькі 45 гадавіну з дня адкрыцця першага музею Яўхіма Карскага ў Лашы, які насамрэч існаваў толькі 27 гадоў. Але, у любым выпадку, варта падзякаваць тым, хто зрабіў усё магчымае, каб людская памяць пра акадэміка не згасла. У другой частцы будзе працяг гісторыі па ўшанаванні памяці Я. Карскага ў гімназіі №1 г.Гродна.

На застаўцы – сучаснае фота інтэрнату 2008 г.