Вольная талерка для нечаканага госця
Святкаванне Божага Нараджэння пачынаецца ўвечары 24 снежня. У гэты дзень дзеці ўпрыгожваюць ялінку, а калі з’яўляецца першая зорка, уся сям’я сядае за святочны стол. Трапеза пачынаецца з малітвы, пасля якой самы сталы або самы малады член сям’і чытае ўрывак з Новага Запавета пра нараджэнне Ісуса. Затым галава сям’і дабраслаўлае аплатку, якой усе дзеляцца, жадаючы адзін аднаму шчасця і здароўя.
Традыцыйна пад абрусам павінна быць сена, якое нагадвае месца, у якім нарадзіўся Хрыстос. Аднак сёння пра сена не часта ўзгадваюць або кладуць яго на настольнік, пад аплатку. Увогуле, дзеці забываюць пра тое, што белая аплатка прызначана для людзей, а каляровая – для жывёл, хапаюць сабе ці то блакітную, ці то ружовую… Аплатку, яка застаецца пасля пажаданняў, кладуць пад талерку – стравы, да якой яна прыклеіцца, будзе хапаць ў надыходзячым годзе. Лічыцца, што жывёлы ў гэтую непаўторную ноч не толькі дзеляць с людзьмі ежу, але а поўначы размаўляюць чалавечымі галасамі.
У часе куцці (вігіліі) на стале мусіць быць 12 страваў – столькі, колькі было апосталаў. Традыцыйна ўсе стравы – вегетарыянскія, але Папа Рымскі Ян Павал II дазволіў у гэты вечар есці мяса. Галоўнымі элементамі куцці з’яўляюцца мука, пшаніца ці макароны, а яшчэ – бульба, мак, капуста, гарох і грыбы. Хапае і салодкага: розных пірожных, пірагоў і кампоту з сушанай садавіны. У розных рэгіёнах Польшчы ядуць розныя стравы – “чырвоны” боршч (баршчок) з “вушкамі” (як пельмені, але з грыбным начыннем), альбо “белы” боршч (суп на заквасцы з мукі). Некаторыя ядуць варэнікі з капустай і грыбамі, іншыя – так званыя “рускія”, з бульбай ці тварагом.
Больш складаная справа з рыбнай ежай. Да Другой Сусветнай вайны на стале бывалі розныя рыбы, аднак у часе існавання Польскай Народнай Рэспублікі ўсе прызвычаіліся на куццю менавіта да карпа. Прычына простая: іншай рыбы не было. Зараз, калі выбар вялікі, зноў з’яўляюцца стравы з розных відаў рыбы.
Раней звярталі ўвагу на тое, каб колькасць гасцей была няцотнай, дзеля гэтага нават запрашалі бедных з вуліцы. Зараз ніхто на гэта не зважае, але ж засталася традыцыя ставіць адну вольную талерку, як кажуць “для нечаканага госця”. Гэты звычай нагадвае пра тое, як зямныя бацькі Хрыста не маглі знайсці начлег у Віфлееме, ніхто не жадаў іх прыняць… І сёння ў нашыя дзверы можа пагрукаць Збавіцель у выглядзе жабрака.
Акрамя сена, 12-ці страваў і вольнай талеркі, на стале павінны быць яшчэ некалькі элементаў: свечкі, віфлеемская зорка – кветка, якая, на самой справе, завецца поінсенцыя і квітнее толькі на Божае нараджэнне. Кветка мае чырвоныя лісты, якія нагадваюць Віфлеемсую Зорку, якая прывяла 3-х Каралёў да стайні.
Дзякуючы тром Каралям, якія прынеслі падарункі маленькаму Хрысту, у ноч Божага нараджэння кожны павінен атрымаць падарунак. У розных рэгіёнах Польшчы падарункі дараць Святы Мікалай, Зорнік альбо Сняжынка. У маёй хаце падарункі заўсёды ляжаць пад елкай, і, “непрыкметна” іх туды кладзе Зорачка.
У дзень Вігілі мы павінны звяртаць увагу на тое, што мы робім. Існуе забабон, што ўвесь будучы год мы будзем рабіць тое, што і ў Вігілію. Таму лепш не сварыцца і не пазычаць грошай.
У першый дзень святаў, 25 снежня, трэба быць уважлівым да ўсіх гасцей, якіх прымаем. Калі першы госць – жанчына (не дай Бог, векавуха), будучы год не будзе добрым, а калі мужчына – турбавацца не трэба.
26-га снежня – дзень, калі мы ходзім у госці да сваякоў. Таксама ў другі дзень святкаў пачынаецца калядаванне, і першыя калядоўшчыкі стукаюць у нашыя дзверы.
Адразу пасля Божага нараджэння ідзе Новы Год. Аднак гэтыя святы аб’ядноўвае толькі каляндарная блізкасць і непрацоўныя дні (25-26 снежня і 1 студзеня). Новы год у Польшчы не мае такога значэння, як у Беларусі. Божае нараджэнне – гэта рэлігійнае, сямейнае свята, якое доўжыцца некалькі дзён. Новы Год – гучнае (асабліва а поўначы), з большай колькасцю алкаголю і карацейшае па часе свята. Для некаторых ноч з 31 снежня на 1 студзеня – добрая падстава для вечарыны з музыкай і танцамі пасля доўгага пасту, а для іншых чарговая падстава сустрэцца з сябрамі за пляшкай гарэлкі.
Аднак можна знайсці штосьці супольнае: 24 снежня і ў ноч на 1-га студзеня ўсе ўсім жадаюць шчасця, а 31-га снежня нікто не хоча ісці на працу…
Клаўдзія Пражмоўска
Фота на застаўцы http://www.webavangard.com.ua