Стыльныя кінавынікі года

|

Увогуле, мінулы год быў для кінематографа больш чым удалым. Кожны глядач без цяжкасцяў мог знайсці для сябе хаця б некалькі стужак, якія варта дадаць ва ўласны ТОП-спіс. «Твой Стыль» падрыхтаваў агляд самых істотных кінападзей 2009 года.

 

У 2009 старыя майстры ўзгадалі пра сябе моцнымі, дапрацаванымі фільмамі. Міхаэль Ханэке скарыў Каны з маральна-звычаёвай прыпавесцю «Белая стужка». Квенцін Таранціна стварыў хіба што квінтэсэнцыю ўласнага стылю – «Бясслаўных ублюдкаў». А галоўны правакатар і колішні любімчык Канскага журы Ларс фон Трыер падзяліў крытыкаў звышжорсткай садамазахістычнай візіяй у «Антыхрысце». Дарэчы, гэта адзін з нешматлікіх фільмаў, дзе я часам машынальна адварочваў галаву ад экрана: настолькі агідныя рэчы паказаў нам рэжысёр.

Неўміручы гумарыст Вудзі Ален вытрымаў свай шалёны тэмп у адзін фільм штогод. Праўда, да нас ягоная «Whatever Works» дойдзе з гадавым спазненнем. Гэта ўжо робіцца традыцыяй: «Вікі Крысціна Барселона»  – мабыць, самы сур’ёзны твор нью-ёркскага коміка – дабралася да нас акурат у пачатку 2009. У Гродна завіталі таксама «Перарваныя абдымкі»  Пэдра Альмадавара, фільм які сведчыць аб сталасці колішняга іберыйскага (гішпанскага) хулігана і жыццяздольнасці кінаклуба «Ракурс».

 

Паціху, без непатрэбнага шуму, узгадаў пра сябе і галоўны незалежны рэжысёр Амерыкі Джым Джармуш. Прэм’ера яго «Межаў кантролю» прайшла незаўважна, а да Беларусі стужка мабыць наогул ніколі не дабярэцца. Канец году ўпрыгожылі прэм’еры доўгачаканых і раскручаных «Аватара»  Джэймса Камерана, «Парнаса» Тэры Гільяма і «Шэрлака Холмса» Гая Рычы. Усе вартыя увагі.

 

Здарылася і некалькі правалаў. «Сустрэчу ў Палерма» Віма Вендэрса крытыкі сустрэлі вельмі халодна. Не надта ўдалася супольная прадзюсерская спроба рэжысёра «дазораў» Цімура Бекмамбетава і казачніка Ціма Бёртана: стымпанкавы «9»  апынуўся занудным і плыткім лялечным баевічком з заезджаным сюжэтам.

 

Затое не падвялі «доўгаграючыя» серыі накшталт Гары Потэра. Некалькі ранейшых хітоў паспрабавала вярнуцца з небыцця: некаторыя ўдала, як «Зорны Шлях» , некаторыя скаціліся да поўнага трэшу, як «Саманта Дарко» ці «Пункт Прызначэння 4», а ў выпадку некаторых – як «Тэмінатар: Выратаванне» – наогул цяжка даваць адназначныя ацэнкі. Безумоўна ўдалым быў працяг попкорнава-тынэйджэрскай стужкі пра робатаў-пярэваратняў «Трансформеры 2: Помста паўшых». Гэта адзін з тых выпадкаў, калі сіквэл пераўзыходзіць арыгінал. Да таго ж, здаецца, трэцяя частка можа быць яшчэ лепшая. Чакаем дасягнення чарговай прыступкі ў забаўляльным кіно.

 

Камерцыйнае кіно ў 2009 наогул трымалася моцна. Заслужаныя Оскары дасталіся «Мільянеру з трушчобаў» і «Загадкавай гісторыі Бенджаміна Батана». Уразіў размахам і зануднасцю тыповы фільм-катастрофа «2012», а смяяцца прымушала бязбашанае «Пахмелле ў Вегасе».

>

Моцна пашанцавала ўсім аматарам фантастыкі. Акрамя пералічаных фільмаў, пільнай увагі заслугоўваюць арыгінальныя, далёкія ад штампавасці «Watchmen» і «Раён №9»  – гісторыі пра супергерояў-сацыяпатаў і бамжаватых прыхадняў адпаведна. Гэта жанравыя фільмы, далёкія ад класікі ўласных жанраў настолькі, наколькі ад яе наогул можна было адысці.

 

З’явілася некалькі цікавых анімацый. Колішні рэжысёр «Жаху перад Калядамі» Генры Сэлік зняў гэтакі ж атмасферны мульт-трымценнік «Караліна ў краіне кашмараў”. Гуру японскага анімэ Хаяа Міядзакі зняў хіба самы просты свой фільм «Рыбка Поньё на скале». Кампанія Pixar наогул стварыла адзін з лепшых фільмаў у сваёй гісторыі. Кранаючая анімацыя «Уверх»  нездарма адкрывала сёлетні Канскі фестываль. Больш масавага гледача павінен зацікавіць «Ледавіковы перыяд 3» ці «Монстры супраць прыхадняў». Аматары старэючага Джыма Кэры і здзіцянелага Роберта Зэмекіса не могуць прапусціць найноўшай экранізацыі традыцыйнай «Каляднай гісторыі» Чарльза Дзікенса. Але ў 3D яго, як і «Аватар», у нас не паглядзіш.

 

Узрадавалі зануды-палякі і непрадказальныя чэхі. Першыя – нетрадыцыйным, смелым як для сябе падыходам да змрочных гадоў сталінізму. Фільм «Рэверс» гэта чорная камедыя, якая адбываецца ў камуністычнай Польшчы ў 50-ых гадах. У сваю чаргу чэскі рэжысёр Пэтр Зэленка ўзяўся за расійскую класіку і ў надзвычай сучасны і арыгінальны спосаб інтэрпрэтаваў «Братоў Карамазавых» Фёдара Дастаеўскага.

 

Не ленаваліся і самі расейцы. Пасля прагляду «Стыляг» у некалькі скокаў падбягаеш да кампутара, ўключаеш Чарлі Паркера ці яшчэ які бібоп, дастаеш свой пінжак у клетку ды пантофлі на «маннай кашы» і дакараеш з вакна праходзячага міма дзеда: «Калісці ты быў бітнікам!». Значна менш эмоцый выклікае «Населеная выспа» – кепская антыўтопія, што спазнілася на 20 гадоў.

 

Усё пералічанае мной – толькі невялікая частка таго, што з’явілася ў кіно ў 2009 годзе. Спадзяемся, год 2010 станецца не менш плённым.

 

Топ-9 Аляксея Шоты:

1. Аватар

2. Уверх

3. Бясслаўныя ўблюдкі

4. Вікі Крысціна Барселона

5. Стылягі

6. Захавальнікі (Watchmen)

7. Белая стужка

8. Зорны Шлях

9. Раён №9

 

А вы, сябры, што адзначылі б у мінулагоднім кіно?