Звычайны дзень на вытворчасці

|

На тытунёвай фабрыцы яшчэ нядаўна стаялі станкі, назвы якіх пісаліся з літарай «Ъ» у канцы. На іх вырабляліся папяросы «Беламорканал». Віктар Т., які раней там працаваў, сцвярджае, што гэтыя станкі хацелі набыць немцы для музея. Але нашы ім адмовілі. Зараз ужо і папярос такіх няма, за тое станкі «захавалі», ніякія музеі новых прапановаў не робяць.

 

На заводзе «Белкард» стараюцца рэгулярна абнаўляць абсталяванне – гэта… 1% станкоў у год (да крызіса). Зараз увогуле нічога новага не набываюць. І гэта пры тым, што большасць тэхнікі датуецца 70-мі гадамі выпуску. Слесар–рамонтнік Аляксандр К. прызнаўся мне, што некаторае абсталяванне проста немагчыма цалкам адрамантаваць. «Бывае, – кажа суразмоўца, – што болт кувалдай забіваеш. А яшчэ можна ад балта адпіліць шляпку, памакаць яе ў салідол і проста… прыляпіць туды, дзе гэты болт павінен стаяць. Вось такім рамонтам часцей за ўсё і прыходзіцца займацца».

 

Слесары выкручваюцца як могуць. І працы – кувалдай па балту – у іх заўсёды хапае. Заробак складае 400-500 тысяч, але калі туды ўладкоўваешся, абяцаюць значна больш. Аднаму майму знаёмаму нават мільён абяцалі! Магчыма ад такога жыцця і співаюцца працоўныя. А п’юць «па-чорнаму». Нават кіраўніцтва не супраць прапусціць па 100 грамаў. Але калі зловяць працоўнага «пад градусам», прымусяць напісаць заяву аб звальненні. Толькі… без даты. Дзе ж яны яшчэ знойдуць людзей, якія будуць працаваць за такія грошы? Затое дамоклаў меч звальнення над вінаватым падвесяць надоўга…

 

На гродзенскім механічным заводе не толькі абсталяванне, але і ўмовы працы не дапушчальныя. Тэхніка ламаецца амаль кожны дзень, на падлозе заўсёды стаяць калюжыны, тэмпература паветра ў цэхах не адпавядае «законным» +18° С. Юра Н. паскардзіўся мне, што павінен рабіць такую працу, якая яму не аплочваецца. Прычым, калі ён выконвае гэтую працу, строга парушае Тэхніку бяспекі. «Але гэта, – кажа Юры, – нікога не хвалюе. І нічога зрабіць з гэтым нельга».

 

Мікалай працуе за станком, якому каля трыццаці год. На пытанне: «Як вам за ім працуецца?» спачатку паслаў мяне на тры літары, а потым дадаў: «Дастаў ён мяне!». Аб якой канкурэнтаздольнасці можа ісці гаворка пры такім абсталяванні і адносінах да працы і працоўных?