Веды на пракат ці Колькі каштуе курсавая
– Займацца гэтай справай я пачала на другім курсе ўніверсітэту. Выкладчык даручыла напісаць даклад пра мастакоў-імпрэсіяністаў. А з усіх аднакурснікаў Інтэрнэт на той момант быў толькі ў мяне. Зрабіла працу сабе, а аднакурсніцы папрасілі дапамагчы і ім. Шмат каму не толькі дапамагла, а цалкам зрабіла працы. Разлічыцца прапанавалі самі, кошт быў сімвалічны. Але тады я зразумела, што на гэтым можна нядрэнна зарабляць.
На той момант Маргарыта вучылася на платным аддзяленні ўніверсітэту. Безумоўна, родныя плацілі за вучобу, кармілі, але ў 19 гадоў хацелася ўжо нейкай самастойнасці. Маладой дзяўчыне хацелася незапланаваных пакупак, дыскатэк… Першыя заробкі здаваліся на той момант вялікімі, хапіла нават на адпачынак у Крыме.
Не гледзячы на тое, што заявак на працу было шмат (здаралася нават, што вузаўскія выкладчыкі прасілі дапамагчы сваім нядбайным студэнтам), на першым этапе ўсё заставалася на ўзроўні «па знаёмстве», не пераходзіла на прафесійныя рэйкі. Часу не хапала, напісанне кантрольных і курсавых патрабавала шмат сілы і энергіі. Здаралася, што Маргарыта пісала працы ў часе пар, «прагульваючы» іх у бібліятэцы.
– Пяты курс! Я заканчвала ВНУ і разумела, што настаўніцай працаваць не пайду. – Расказвае Маргарыта. – Напісанне работ на заказ – адзінае, што дазваляла зарабляць грошы сваім розумам. Я зарэгістравалася як ІП, які аказвае паслугі ў гэтай галіне.
На той момант, калі Маргарыта пачала «індывідуальна-прадпрымальніцкую» дзейнасць афіцыйна, амаль ніхто яшчэ не пісаў прац па яе філалагічным профілі: такіх людзей на ўвесь горад было тры чалавекі. Літаральна за паўгады карціна змянілася: узрасла канкурэнцыя, заробкі паменшыліся, але зусім не зніклі. Да таго ж, Маргарыта пераехала ад бацькоў, таму аплата кватэры і камунальных паслугаў патрабавалі дадатковых грошай. Маргарыта пашырыла профіль паслугаў з чыста філалагічнага напрамку да ўвогуле гаманітарнага і іншых сумежных спецыяльнасцяў. Давялося вывучаць нават эканоміку, каб не толькі разбірацца ў прыватным бізнэсе, але і выконваць заказы для кліентаў.
– Галопам па Еўропам, як бы мовіць. – Маргарыта рэалістычна глядзіць на сваю працу і на кліентаў. – Работа на самой справе вельмі складаная. Кліенты бываюць розныя. Адныя рэагуюць нармальна, другія пачынаюць пагражаць: «Да ў мяне мама-тата ў КДБ, да ты ведаешь, з кім звязалася». Ці яшчэ лепей: быў заказ ад чалавека з прафесійна-тэхнічнага вучылішча на курсавую работу. Я зрабіла яму ўсё, што ён замаўляў. Пасля Новага году тэлефануе: «Вярніце мне частку грошаў за чарцяжы, якія я рабіў сам». Даруйце, паважаны, але ж мы з вамі наконт чарцяжоў і не дамаўляліся. І я чую галасы ў трубцы мабільнага: «Няхай яна кажа свой адрас, мы зараз пад’едзем да яе». Зразумела, што з такім пажаданнем хлапец пайшоў на тры літары расейскага алфавіту.
Адзін раз справа амаль дайшла да суду. Незалежны эксперт ацаніла працу Маргарыты і зрабіла выснову, што яна адпавядае тэме і патрабаванням да курсавых. Увогуле, судовыя справы, заявы ў міліцыю – непрыемнасці для саміх заказчыкаў. Калі пачынаецца разбіральніцтва, органы накіроўваюць запыт па месце навучання. Зразумела, па галоўцы такога студэнта не пагладзяць, калі даведаюцца што ён «заказуху» выдае за сваю працу. Некалькі разоў Маргарыта сама адпраўляла экзэмпляры на факультэт, калі пачыналіся з боку студэнтаў пагрозы «разборкамі» з міліцыяй. «Як яны да мяне, так і я да іх», – Маргарыта нярвова паліць цыгарэту за цыгарэтай.
– Шмат людзей абражаюцца, калі я не здымаю трубку тэлефона. Але і існуюць важкія прычыны. Напрыклад, раблю працу па макраэканоміцы, а гэта – складаныя табліцы, якія трэба вылічваць, не губляючы ўвагі ні на секунду. Чыста фізічна не магу адказваць на гэтыя званкі, таму стаўлю тэлефон на безгукавы рэжым. Спатрэбіцца – ператэлефаную. Другі выпадак – я знаходжуся ў бібліятэцы. Зразумела, гэта – «мінусы» маёй працы, кліентаў можна зразумець, але ўсё роўна нярвуе. Адзін «экзэмпляр» аднойчы патэлефанаваў у палову трэцяга ночы: раніцай яму трэба было здаць сваю працу. А ў сем гадзін раніцы ўжо стаяў на парозе… Але ўсё кампенсуюць грошы: для мяне нармальны заробак быў дзве з паловай тысячы даляраў у месяц.
Канкурэнцыя расце. Хапае розных «аўтараў»-аматараў. Адна жанчына пісала ў аб’яве: «Даю 100% гарантыю якасці». Маргарыта пацікавілася ў яе, як можна так казаць? Сама Маргарыта не можа гарантаваць кліенту, што яму паставяць бліскучую адзнаку.
– Я магу адказваць толькі за тое, што добра выканаю замову. Але я не магу гарантаваць настрой выкладчыка, падрыхтаванасць самога кліента да «абароны» працы і г.д. Кліент павінен ведаць рэальнае становішча спраў і ацэньваць свае рызыкі.
Не так даўно ў Гродна з’явіўся цэнтр па аказанні такіх жа паслуг, якія аказвае Маргарыта. Ён папрацаваў месяц і закрыўся: няма замоваў. На жаль, у самой маёй гераіні такая ж сітуацыя ў апошні месяц. З чым гэта звязана не вядома: ці то свята вінаватае, ці людзі сталі больш разумнымі, ці на самой справе і жук і жаба ўхапіліся за напісанне прац. У адным толькі выданні «З рук у рукі» каля трыццаці аб’яў, у Інтэрнеце іх каля трох тысяч. Лічбы Маргарыта ведае дакладна, таму што пастаянна маніторыць гэтае пытанне. У лепшыя часы Маргарыта мела да 200 званкоў у суткі, зараз радуецца і дваццаці. На мой погляд, і 20 званкоў – добры паказчык. Але Маргарыта ўпэўненая, калі так пойдзе далей, прыйдзецца ёй шукаць хаця б палову стаўкі настаўніцы ў школе…
Ілюстрацыя http://www.rureferat.ru