Кайданкі для інтэрнэт-карыстальнікаў

|

Цэнтр мае права, апроч іншага, кантраляваць інтэрнэт-перапіску беларусаў і здзяйсняць маніторынг перамяшчэнняў беларускіх інтэрнэтчыкаў у сетцы.

 

Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ) з’яўляецца дзяржаўным органам, які ажыццяўляе рэгуляванне дзейнасці па забеспячэнню абароны інфармацыі, якая утрымлівае дзяржаўныя сакрэты Рэспублікі Беларусь або іншыя звесткі, якія ахоўваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, ад уцечкі па тэхнічных каналах, несанкцыянаваных і ненаўмысных уздзеянняў. Таксама Цэнтр з’яўляецца адміністратарам дамена BY.

 

Дзяржбюджэтам на дзейнасць Цэнтра ў 2010 годзе прадугледжана фінансаванне ў памеры 12.540.583,0 тыс. беларускіх рублёў (каля 4.5 мільёнаў даляраў).

 

Аператыўна-аналітычны цэнтр нядаўна прыцягнуў да сябе увагу ў сувязі з праектам указу аб рэгуляванні Байнэту, які трапіў у прэсу. На думку экспертаў, праект быў распрацаваны менавіта ў ААЦ і прадугледжваў наданне гэтай структуры права размяркоўваць міжнародны канал доступу ў інтэрнэт і здзяйсняць кантроль над усім беларускім сегментам сеціва.

 

У скандальным дакуменце ідзе гаворка аб блакаванні сайтаў па рашэнні дзяржаўных органаў, ідэнтыфікацыі карыстальнікаў сеткі, прыцягненні да адказнасці распаўсюджвальнікаў інфармацыі ў інтэрнэце, а таксама аб дзяржаўнай рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ.

 

Паводле першапачатковага праекту ўказу, хостынг беларускіх рэсурсаў абавязкова пераносіцца ў Беларусь, а каб выйсці ў інтэрнэт нават па беспарольным доступе, беларусам прыйдзецца спачатку прыйсці да правайдэра з пашпартам.

 

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» выступіла з заявай пратэсту, у якім выказваецца занепакоенасць планамі беларускага ўраду па ўзмацненні кантролю над інтэрнэтам. Неабходна адмовіцца ад гэтага ўказу, інакш Беларусь стане ў адзін шэраг з Паўночнай Карэяй і Кітаем, якіх «Рэпарцёры» адносяць да «ворагаў Інтэрнэту», гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Паводле Electroname.com, ілюстрацыя http://news.rin.ru