Не дайшоў да Ірландыі

|

Юнак з Варонежскай вобл. Расіі спрабаваў нелегальна перайсці беларуска-польскую мяжу, каб дабрацца затым да Ірландыі. Даведацца пра надзейны спосаб апынуцца з іншага боку мяжы ён спрабаваў у жыхароў вёскі Бяляны, якія і “здалі” яго памежнікам.


Як паведамляе партал communa.ru са спасылкай на Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, хлопец меў пры сабе толькі пашпарт. Грамадзянін Расіі патлумачыў памежнікам, што збіраўся знайсці ў Ірландыі працу.

Праўда, у расійскіх журналістаў ёсць свая версія, паводле якой хлапец хацеў за мяжой схавацца ад прызыву ў войска.

Цікава, што амаль адначасова на Гарадзеншчыне быў затрыманы і яшчэ адзін грамадзянін Расіі, 27-гадовы жыхар Маскоўскай вобл.

Як паведамляе прэс-служба памежнага камітэту, ён якраз добра падрыхтаваўся да пераходу мяжы – меў пры сабе два заплечнікі з асабістымі рэчамі, харчаванне, GPS-навігатар, мабільны тэлефон, мапу Германіі (менавіта туды ён збіраўся), ліхтарык і валюту.

 

Малюнак: e-crimea.info