Конкурс для фотажурналістаў: не праспі!

|

У краіне ладзіцца першы адкрыты незалежны конкурс Прэс-фатаграфіі. Узяць удзел у ім могуць усе ахвотныя фатографы, чыя працы публікаваліся ў друкаваных альбо электронных СМІ.


Мэтай конкурсу Прэс-фота Беларусі 2010 з’яўляецца падтрымка і развіццё прафесійнай прэс-фатаграфіі ў Беларусі.

Конкурс таксама закліканы стымуляваць развіццё фотажурналістыкі, падтрымаць абмен вопытам і ведамі паміж пакаленнямі беларускіх фатографаў, сфармуляваць высокія прафесійныя стандарты ў фотажурналістыцы і садзейнічаць свабоднаму і неабмежаваным абмену прафесійнай інфармацыяй.

«Паважаныя калегі! Мы шчыра верым, што гэты конкурс стане першым крокам доўгага шляху фарміравання такога панятку, як беларуская прэс-фатаграфія. Агульнымі намаганнямі гэты шлях можа стаць значна карацей. Вашы словы падтрымкі, крытыка, парады — усё гэта важна і каштоўна. Найгоршай можа быць толькі абыякавасць. Запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх, каму не чужы такі просты панятак, як нацыянальная гордасць! Калі вам ёсць што сказаць ці вы гатовыя далучыцца да каманды энтузіястаў — звяжыцеся з намі», — звяртаюцца да патэнцыйных удзельнікаў конкурсу яго арганізатары.

У журы конкурсу ўвайшлі расійскія і літоўскія фатографы, супрацоўнікі вядучых сусветных і нацыянальных фотаагенцый.

Графік конкурсу: заяўкі прымаюцца: з 15 студзеня па 15 сакавіка 2010 г. 

Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў красавіку (дакладная дата будзе аб’яўлена пазней).

Наша Ніва