Дзе быў трактар, калі падаў першы снег?…

|

Але выконваючы абавязкі галоўнага інжынера даваць інфармацыю адмовіўся. Тады я гнеўна спытала, колькі будзе трываць галалёд каля маёй хаты і колькі я буду прадзірацца праз гурбы снегу да прыпынку?

 

– А вы журналіст? Вось і дапамажыце нам – напішыце, каб папрыбіралі свае машыны з двароў, каб магла праехаць спецтэхніка. Тады і прыбярэм. А можаце паехаць з намі і паглядзець, як гэта цяжка – змагацца са снегам, лёдам і дварамі, застаўленымі машынамі.

 

Інжынер паабяцаў – інжынер зрабіў. Праз дзень мне пазванілі і спыталі: хочаце нам дапамагчы? Ёсць літаральна гадзіна паказаць вам усё на месцы. Ды хоць бы ў вашым двары. Я і паехала «глядзець на месцы».

 

Каля свайго пад’езда я сустрэлася з галоўным інжынерам УЖРЭП Кастрычніцкага раёну Дзмітрыем Савашэвічам і начальнікам ЖЭС-17 Алегам Руднікавым. Побач шчыравалі дворнічыхі і гудзеў трактар. Мінакі са здзіўленнем азіраліся на «дзвіжуху», некаторыя жыхары павылазілі ў вокны. Размову пачалі з таго, ці хапае супрацоўнікам ЖЭС-аў работнікаў, інструментаў і пяску – што ж так слізка на вуліцах.

 

– Салянымі сумесямі і пяском ЖЭС-ы забяспечаныя на 100%, тэхніка выдзяляецца. У кожным ЖЭС-е працуюць дворнікі. Напрыклад, у ЖЭС-17 іх у штаце 30. У дворнікаў ёсць рыдлёўкі, скрабкі і венікі. Спецтэхнікі сваёй няма, але яе па заяўках выдзяляе УЖРЭП Кастрычніцкага або Ленінскага раёнаў, – патлумачыў Дзмітрый Савашэвіч.

 

Дарэчы, у сувязі з новымі санітарнымі нормамі, якія забараняюць пасыпаць соллю абледзянелыя ўчасткі, Кастрычніцкаму УЖРЭП галаву ламаць не давядзецца:

 

– Я азнаёміўся з тымі нормамі. Але мы соллю і не пасыпалі. Карыстаемся пясчана-гравійнай сумессю, куды дадаем толькі 3-5 % солі, што не забараняецца. Гэтак будзем рабіць і надалей.

>

Ад лёду на дарогах ратуе пясчана-саляная сумесь. Але яна знікае з дарогі пасля некалькіх праездаў аўтамабіляў. Таму эфекту ад пяску з соллю амаль ніякага. Застаецца толькі грубая чалавечая сіла – дворнікі скрабкамі і рыдлёўкамі мусяць збіваць лёд з дарогі. Толькі з грубай сілай праблемы: сярод 30 дворнікаў у ЖЭС-е №17 ніводнага мужчыны. А жанчына пазбіваць лёд маленькім скрабком проста не ў стане. Дворнічыха з чырвоным, абветраным тварам дарма спрабуе адбіць лёд каля ходнікаў.

 

Па выглядзе скрабка нават незразумела, што ім увогуле можна адскрабсці:

 

– Я прапрацавала дворнічыхай 24 гады і ведаю гэтую працу як «Ойча наш», – тлумачыць супрацоўніца ЖЭС-у, якая спрабуе аддзяўбсці лёд на дарозе каля ходнікаў. – Увесь наш інвентар – рыдлёўка, скрабок і венікі. Вось скрабок – што я магу зрабіць гэтым скрабком? Па-першае, лёд ён не дзяўбе. А па-другое, гэта фізічна вельмі цяжка. Снегу столькі наварочаеш – рук не чуеш. А яшчэ і лёд дзяўбаць? Мужчыны на такую цяжкую працу не ідуць. Людзі скардзяцца, што нашай працы не відаць. А тут пасыпалі дарогу пяском, праз гадзіну машыны раз’ездзяць і яго не будзе. А мы стаім і стаім з рыдлёўкамі і скрабкамі.

 

Дворнікі ўзімку мусяць прыбіраць снег з ходнікаў, прыступкаў падвалаў і на рыдлёўку ад бардзюра на дарозе, таксама пасыпаць пяском і соллю. Працоўны дзень пачынаецца з 7 гадзін ранку. Калі ідзе снег, уставаць даводзіцца а палове чацвёртай, каб а пятай выйсці і расчысціць ходнікі. І так да вечара з перапынкам на абед. Тое самае і ў выходныя і на святы – калі ідзе снег, выходзяць на працу.

 

– Галалёду не было б, каб адразу, як выпаў першы снег, прыехала тэхніка і яго пачысціла. А так, канешне, – дзе ж гэта жанчына рыдлёўкай і адным скрабком яго абаб’е? Дзе быў трактар, калі падаў снег? Яго трэба было пускаць своечасова, – мяркуе дворнічыха.

 

У двор можна завезці спецтэхніку, якая магла б ачысціць дарогі. Аднак Дзмітрый Савашэвіч кажа пра тое, што такая тэхніка у двор не заедзе з-за настаўленых аўтамабіляў:

 

– Мы развешвалі абвесткі з просьбай прыбраць машыны, каб увезці тэхніку і прыбраць дарогі. Адгукнулася ўсяго некалькі чалавек. Кудысьці можа заехаць трактар са шчоткай і адвалам, але і ён праблемы абледзянелай дарогі не вырашыць, хутчэй счысціць снег.

 

Акрамя настаўленых машынаў, аўтамабілісты ствараюць яшчэ адну праблему – дворнікі спрабуюць чысціць снег паміж аўтамабілямі. Ужо было шмат сітуацыяў, калі гаспадар выходзіць і кажа – пабілі фару, пацарапалі бампер. Выклікае ДАІ. Хоць тая царапіна была даўно, скардзіцца супрацоўнік УЖРЭП, і той дворнік не дакранаўся да аўтамабіля.(Фота prosto_free).

 

На думку начальніка ЖЭС-17 Алега Руднікава, замест таго, каб ствараць перашкоды ў працы, аўтамабілісты маглі б дапамагчы – сабе лепш зрабілі б:

 

– Няхай ўладальнікі машын прыбіралі б снег каля сваіх аўтамабіляў. Каб кожны выйшаў з рыдлёўкай і прыбраў каля свайго аўто, сітуацыя палепшылася б відавочна. Некаторыя, праўда, так і робяць, сам назіраў. А яшчэ шмат машын, якія стаяць доўгі час і з-за іх немагчыма прыбраць побач снег. Звонім у ДАІ даведацца прозвішча гаспадара аўто, каб той прыбраў на нейкі час машыну. Уладальнік яе прадаў, не ведае каму, не перарэгістраваў – я не дома, я з’ехаў, нічым не дапамагу. А нам як прыбіраць тыя гурбы снегу? Ну і зіма ў гэтым годзе вельмі снежная, цяжка спраўляцца. Але ходнікі добра парадкуем.

 

Аўтамабіліст Юра згодны, што машынамі сапраўды ўсё забіта і спецтэхніцы складана праехаць. Але тут, як кажуць, ёсць нюанс:

 

– Нават калі спецтэхніка ўрэшце праедзе, то снег заваліць машыны, тыя ўвогуле не выедуць. Бо снег тэхніка нікуды не вывезе – проста адкіне, не на ходнікі ж, – дзеліцца меркаваннем аўтааматар. – А пасля расчышчання снегу дарогі адразу трэба пасыпаць пяском, інакш – аварыі. Зараз вось я еду ў двары па каляінах са снегу, як цягнік па рэйках. Я не магу куды завярнуць, але еду. А калі снег прыбраць, то атрымаецца голы лёд. Для машын будуць страшэнныя заносы, яны будуць круціцца на дарогах.

 

А расчышчаць снег каля сваёй машыны не буду. Па-першае, не маю рыдлёўкі. Спачатку выглядала смешна, што ў багажніку трэба вазіць рыдлёўку, а зараз ужо не – бо часам сапраўды не выехаць, калі не расчысціць каля машыны снег. Іншая прычына трохі жлобская – я расчышчу сабе месца ў двары, а заўтра ўедзе на яго новая машына, і давядзецца мне шукаць новае месца і па-новаму яго расчышчаць. І што, я буду рабіць гэта кожны дзень?

 

Зараз сітуацыю не вырашыш. Трэба было думаць значна раней – будаваць крытыя стаянкі ў спальных раёнах – шматузроўневыя, напрыклад. ЖЭС таксама нічога не зробіць – трэба тонны пяску і вялікую колькасць працоўных. Ну і снег ідзе кожны дзень.

 

Уладальніца «Фольксавагена Пола» Дар’я згодная, што дарогі ў дварах у жахлівым стане, і лічыць, што пытанне не столькі ў спецтэхніцы:

 

– Двары у вельмі цяжкім стане, заехаць страшна, бо не заўсёды ўпэўнены, што пасля выедзеш. У прынцыпе, спецтэхніка спецтэхнікай, але дворнікі маглі б снег з дарог шуфлямі прыбраць, не такі там ужо аб’ём працы. Але такой разнарадкі, відаць, не было, а яны народ не надта ініцыятыўны. У прынцыпе, можна і самім каля сваіх пад’ездаў разгрэсці, але хто з гарадскіх мае рыдлёўкі ды шуфлі? Таксама трэба арганізоўвацца, а гэта, як заўсёды, выклікае складанасці. Як аўтамабіліст пачынаючы, стараюся зараз у такія месцы не заязджаць.

 

Сяргей расчышчае снег каля ўласнай машыны на стаянцы і мяркуе, што тэхнікі ўсё ж не хапае:

 

– Па-першае, так, у дварах праехаць вельмі складана і справа нават не ў тым, што спецтэхніка не можа праехаць. Такое ўражанне, што яе ўвогуле не хапае нават на цэнтральныя вуліцы. У двары рыдлёўкай не прыбіраю снег, бо не пакідаю на ноч машыну ў двары, а на стаянцы гэта раблю, каб менш было праблемаў з выездам раніцай. Што можа дапамагчы? Рэгулярная ўборка снегу і апрацоўка рэагентамі, каторыя не дазваляюць наогул лёду быць на дарозе.

Помнік дворніку ў Мадрыдзе… і Белгарадзе

Чыста па-чалавечы разумееш усіх – і дворнічыху, якой даводзіцца столькі снегу варочаць, і ЖЭСы, якіх завальваюць скаргамі і якія не маюць нармальных скрабкоў. Шкада аўтамабілістаў, якія кожны раз моцна рызыкуюць, выязджаючы з уласнага двара. Шкада ўсіх людзей, якім даводзіцца «шаркаючай паходкай» перасоўвацца з адных ходнікаў на другія. Толькі здаецца мне, што сітуацыю выправіць толькі сакавік, які растопіць лёд і ў нас ўсіх з’явіцца новая праблема – як вуліцу пераплысці…Бо з каналізацыяй будуць відавочныя праблемы і ўсе сутыкнуцца з патокамі вады, як заўсёды, нечакана. Як кажа мудрая дворнічыха – дзе быў трактар, калі падаў першы снег?…