Санкі, лыжы, зімовыя скокі
Добра, калі такія рэчы ў хаце ёсць, ці хапае грошаў іх набыць. А калі няма і не было ніколі?
Разам з зімовым настроем на мяне напала фантастычнае жаданне катацца на ўсім, што рухаецца з дапамогай маіх ручак-ножак. Але, калі з горкі можна катацца на поліэтыленавых пакетах ці на тым, што дадзена прыродай, то замест лыжаў дошчачкі не прыладзіш. Ды і на коўзанку мяне ў ботах не пусцяць, нават калі я дакажу кантралёрам, што падэшва на іх вельмі слізкая.
Апрабаваўшы на сабе ўсе даступныя беларусам зімовыя віды спорту, магу зрабіць высновы, якія, магчыма, дапамогуць вам знайсці патрэбныя атрыбуты для адпачынку.
Пачаць варта з канькоў, бо ў апошні час катанне на іх стала вельмі модным. Можа таму ў крамах падскочылі продажы лядовай «зброі». А тыя няшчасныя, у якіх сваіх канькоў няма, вымушаныя стаяць у «пракатнай» чарзе па дзве гадзіны. У Гродна канькі можна ўзяць у пракаце Лядовага палаца спорту і гарадскіх пунктах пракату. Але калі ў Лядовым канькі знаходзяцца ў нядрэнным стане, то гарадскі пракат прапануе нешта страшнае. Для эксперыменту я (дарэчы, уладальніца канькоў) паспрабавала пастаяць у чарзе на пракат. Пасля гадзіны на марозе, адчуўшы, як у мяне паступова адымаюцца рукі і ногі, вырашыла, што трэба ставіць помнікі (для пачатку са снегу) тым, хто дзеля здаровага адпачынку адважыўся на подзвіг: за гадзіну я прасунулася на тры крокі наперад… А праз паўтары гадзіны абураны натоўп пачаў лаяцца: канькі ў пракаце проста скончыліся.
– Увесь час у нас тут лаянка і спрэчкі, – жаліцца мне дзяўчына-касір. – А потым крыўдзяцца, што канькоў не хапае. Хочуць браць па дзесяць пар на адзін пашпарт, не ведаюць сваіх памераў! То гэта ім памяняйце, то – іншае…
Наступны аб’ект народнага зімовага ажыятажу – лыжы. Іх, як апынулася, у гарадскіх пракатах не знойдзеш, бо са з’яўленнем снегу ўсе лыжы адразу разабралі. Затое існуе ў гарадскіх наваколлях выдатнае месца – база хакейнага клубу «Нёман», на якой спартыўныя лыжы маюцца ў вялікай колькасці. Знаходзіцца база ў лесапарку Пышкі, недалёка ад канчатковага прыпынку аўтобуса №6. Праўда, у выходныя дні ўсё разбіраюць з самай раніцы, і пасля 11 гадзін там рабіць няма чаго. Затое ў будні, як правіла па абедзе, можна знайсці ўсё, што душы заўгодна.
Туды вось я і адправілася навучацца лыжнаму спорту. Прыехалі мы ў панядзелак, таму і нашыя памеры знайшліся адразу, і ніякіх перашкод не паўстала. Працаўнікі пракату прыязна адкрылі нам дзверы і адвялі ў пакойчык, дзе можна было пераабуцца. Дарэчы, шмат каштоўных рэчаў з сабой лепш не браць, бо вартаваць іх там ніхто не будзе. А з торбамі катацца на лыжах вельмі не зручна. Казённы інвентар выдаецца ў карыстанне на гадзіну, але ў выпадку спазнення можна проста даплаціць. Так што можна без клапот раз’язджаць па лясных сумётах.
Лыжы – поўнае задавальненне! Раю тым, хто пакуль «не пакаштаваў» лыжню, абавязкова паспрабаваць. Хадзіць на лыжах нават не так складана, як прышпіліць лыжы да смешных чаравікаў, якія выдаюцца ў камплекце. Пракат за 1 гадзіну каштуе прыкладна 7000.
>
Пакуль стаяць маразы і ідзе снег, наступны мой адпачынак – з гары на санках. А калі вы ўсё яшчэ сядзіце ў хаце і глядзіце тэлевізар, не адчайвайцеся – атлусценне і цэлюліт хутка прыйдуць і да вас у госці!