Пра войска, турму і адказ падпалкоўніка

|

І там і там ёсць абмежаванне свабоды. Напрыклад, тэрыторыя, за якую нельга выходзіць. Антон кажа, што некаторыя людзі проста не вытрымліваюць і збягаюць у «самаволку» толькі каб трохі адхіліцца ад «суровых армейскіх будняў». Другое – дбайны нагляд. Дзянісу пашанцавала, і наглядальнікі яго не краналі. А вось Антон кажа, што «шакалы» (на армейскім жаргоне – афіцэры і прапаршчыкі) бываюць розныя. Некаторыя б’юць, але не ў твар, бо тады застаюцца бачныя сінякі. Некаторыя проста здзекваюцца. Але ёсць, канешне, і такія, якія нічога дрэннага табе не жадаюць і не робяць. Гэта – як пашанцуе.

 

Б’юцца ды здзекваюцца ў арміі не толькі «шакалы», але і дзяды (салдат, якому засталося служыць менш, чым паўгады). Існуе шмат спосабаў здзеку. Напрыклад «ласі». Гэта калі «дух» (малады баец) кладзе сабе на лоб дзве далоні і з разбегу б’ецца галавой аб сцяну. Часцей за ўсё такая працэдура праходзіць да той пары, пакуль са сцен альбо са столі не пасыплецца штукатурка. У часе «калідораў смерці» дух павінен прайсці праз натоўп дзядоў, якія будуць біць небараку, хто чым можа (здараецца, нават, у ход ідуць табурэткі). Калі малады салдат падае, ён павінен выйсці з «калідору» і пачаць спачатку. Антон кажа, што проста немагчыма адслужыць у арміі і ні разу не атрымаць па нырках.

 

А вось Дзяніса за ўвесь срок ні разу не краналі. Наадварот, у яго былі добрыя суадносіны з сукамернікамі. А аб тым, каб біцца, не ішло нават гаворкі, хоць і кажуць, што дзедаўшчына прыйшла ў армію з турмы.

 

– За кратамі кормяць добра, засёды хапае, – кажа мой сябра. – І мяса кожны дзень даюць, рыба бывае.

 

Антону ежы вельмі не хапае. Грошы, якія яму «плацяць» на службе (каля 20 тысячаў у месяц), сканчаюцца праз на некалькі дзён. На іх ён заўсёды набывае сабе што-небудзь салодкае. «Калі б не сябры і не бацькі, – скардзіцца суразмоўца, – ужо б з голаду памёр».

 

Для Антона служба – выкінуты з жыцця час: «Калі б мяне запыталі, што там было са мной цікавага або добрага, мне не было б чаго адказаць». Дзянісу, як бы дзіўна гэта ні гучала, нават чымсьці спадабалася «матаць тэрмін»: «Я прачытаў там столькі кніг, колькі не прачытаў бы ніколі ў жыцці. Ды і шмат цікавых рэчаў навучыўся рабіць. Напрыклад, магу зрабіць кубік с запалак без дапамогі клею і іншых прыладаў, які не будзе развальвацца… Для мяне турма, як санаторый. Толькі адтуль нельга трапіць дамоў «у адпачынак». Ды троху марудна… А так нічога дрэннага там больш няма».

 

Выслухаў я сваіх сяброў і задаўся пытаннем. Існуе ў нас выказванне «аддаць пазыку радзіме». А за што я радзіме павінен? З гэтым пытаннем я пайшоў у Гродзенскі ваенкамат, што знаходзіцца на вуліцы М. Багдановіча, да начальніка прызыву.

 

Праждаўшы яго пад дзвярыма больш за гадзіну, я так нікога не дачакаўся. Тады я накіраваўся да яго намесніка – маёра Папова, які адказаў, што ён мне нічога расказваць не будзе, таму што са ўсімі СМІ мае права размаўляць толькі камісар. А да камісара мяне не пусцілі, патлумачыўшы, што туды пускаюць толькі «Гродзенскую праўду», «Перспектыву» і Дзяржтэлерадыёкампанію. Застаўся «апошні» чын ваенкамату – дзяжурны. Ён на мае пытанне адказаць не змог і дадаў, што на яго (пытанне) увогуле не адкажа ніхто.

 

Але я знайшоў знаёмага падпалкоўніка ў адстаўцы, які патлумачыў, як змог: «Такога выказвання, як «аддаць пазыку радзіме» ўжо не існуе. Яна проста засталася з савецкага часу. Ніхто ў яе нічога не браў, каб потым аддаваць. Служба ў арміі – гэта падрыхтоўка для таго, каб у часе вайны кожны мужчына ведаў, што яму рабіць, атрымаў нейкую ваенную спецыяльнасць. І краіна магла, як мага больш, пратрымацца ў выпадку вайны».

 

Тады ўзнікла другое пытанне: «А колькі мы пратрымаемся? ». Адказ суразмоўцы мяне цалкам шакаваў: «Ніколькі. Нашая армія патрэбна толькі дзеля таго, каб неяк змягчыць удар, калі нехта нападзе на… Расію. Калісьці ў міністэрстве абароны паспрабавалі подлічыць, каб даведацца, колькі мы зможам пратрымацца, калі на нас нападзе сапраўдны вораг. Дык гэтыя падлікі нават не скончылі, бо не было сэнсу. Мы не пратрымаемся ніколькі! Па нас прайдуць, і нават не задушацца».

 

І паўстала трэцяе пытанне – рытарычнае, яле яно мяне асабліва хвалюе: навошта адрываць студэнтаў-завочнікаў ад вучобы і працы, каб ісці служыць незразумела дзеля чаго… Толькі дзеля забавы дзядоў?

Фота http://www.russianamerica.com