Здым без правілаў, ці курсы пачынаючага Дон Жуана

|

Я вярнуўся з адпачынку, і адразу мне патэлефанаваў былы аднакласнік. «Шура, я ведаю, што ты дзелавы чалавек, нам трэба сустрэцца». Здзівіўся: у школе ён так не лічыў. Дакладней, мне ён гэтага не казаў. Пайшоў на сустрэчу.


Каля гадзіны мне «парылі мазгі» пра супер-пупер кітайскія біядабаўкі. Словы так і ліліся з аматара нью-гербалайфу. Усё складна, разумна, уплывова. Гэта быў зусім не той хлопец, які сумбурна выказваў свае думкі, запінаўся і хваляваўся яшчэ некалькі месяцаў таму. Размова наша, вядома, ні да чаго не прывяла, але мяне вельмі зацікавілі змены, якія здараюцца з людзьмі пад уплывам на іх НЛП – нейралігвістычнага праграмавання. А менавіта гэта дапамагло майму знаёмаму пазбавіцца ад коснаязыкасці. Хлопцы, якія практыкуюць НЛП, раскрылі мне некаторыя яго «фішкі».

 

Артур упершыню даведаўся пра НЛП некалькі гадоў таму. «Навука «нейралігвістычнае праграмаванне» зарадзілася ў колах амерыканскіх практычных псіхолагаў, якія сабралі вопыт папярэдняй гісторыі псіхалагічный думкі, скампанавалі ўсё і выбралі самае лепшае, стварыўшы практычную псіхалогію, – расказвае хлопец. – Аб гэтым пачалі гаварыць, я зацікавіўся і нават напісаў дыпломную працу па тэме, звязанай з кантролем стану».

 

Ад Артура я даведаўся, што існуюць класічныя прыклады маніпулуляцый накшталт «секты», ёсць і супрацьлеглыя прыклады – звычайная праваслаўная малітва. Абапіраючыся на гэтыя тыпы, якія для людзей асацыююцца са станоўчым і адмоўным спосабам кантролю чалавечага стану, вучоныя і выпрацавалі трэці, нейтральны, – НЛП. Артура гэта зацікавіла яшчэ і таму, што калі звычайны гіпноз выкарыстоўваецца для лячэння, то нейралінгвістычнае праграмаванне можна прымяніць і ў бізнэсе, і ў міжасобасных адносінах.

 

Вывучаючы НЛП, мой суразмоўца прыйшоў да цікавых вынікаў: калі чалавек можа нармальна размаўляць і адстойваць сваю пазіцыю, калі ў яго бойкая мова і ён карыстаецца ёю, каб знаёміцца з дзяўчатамі, то ён ужо выкарыстоўвае НЛП, нават сам таго не разумеючы. «Практычна навыкамі НЛП я карыстаўся ўжо не адзін год да непасрэднага знаёмства з ім», – кажа Артур.

 

– Адзін з самых простых узроўняў нейралінгвістычнага кантролю, які я ведаю і якім часта карыстаўся – «люстраванне» суразмоўцы, калі ты паўтараеш яго рухі і эмоцыі. Спосаб бездакорны, гарантыя 100%. Але ёсць адно… «але»: гэтыя тэхнікі працуюць толькі з тымі людзьмі, хто нічога пра іх не ведае. А калі твайму суразмоўцу вядома пра такія «фішкі», нічога не атрымаецца. Аднойчы знаёмы спрабаваў «весці» мяне пры дапамозе НЛПшных тэхнік. Але тады я перахапіў ініцыятыву, перавёў гутарку на іншую тэму, і той згубіўся. Потым мы яшчэ некалькі разоў лавілі адзін аднаго на гэтым.

 

З цягам часу, аднак, адносіны Артура да НЛП заўважна змяніліся:

 

– НЛП мяне нават пачынае «рубіць», бо яно прыдае фальшывы налёт адносінам паміж людзьмі. Калі я зараз убачу, што чалавек выкарыстоўвае тэхніку НЛП, ніякіх зносінаў паміж намі больш не будзе: мне гэта проста не цікава. Я ўвогуле зараз лічу, што НЛП – для людзей з комплексамі. З другога боку, нельга казаць, што тэхналогіі НЛП увогуле не дапамаглі мне. Я выкарыстоўваю іх калі-некалі, каб прымусіць сваіх студэнтаў (Артур – выкладчык універсітэту) працаваць. Але ж у міжасобасных адносінах – ніколі.

 

Другому майму суразмоўцу – Максіму – НЛП вельмі дапамагло ў тэхніцы так званага «пікапу» – лёгкага спосабу знаёміцца і «здымаць» дзяўчат.

 

– Патэнцыяльна магчыма раскруціць амаль любую… Уся асалода ад гэтага ў тым, што, калі я, напырклад, знаходжуся на дыскатэцы, лёгка магу зразумець, якая з прыгажунь хутка пагодзіцца на сэкс. А шмат хлопцаў не могуць гэтага «прачытаць». Тут дапамагаюць веды НЛП. Я знаёмы з вядучымі расейскімі спецыялістамі «пікапу», якія выступалі кансультантамі да фільму «Пікап: здым без правілаў», наведваў іх трэнінгі. Зараз сам ахвотна карыстаюся і магу вучыць іншых спосабу лёгкага знаёмства.

 

На гэтым наша гутарка не скончылася. Максім скінуў мне аа электронную скрыню кніжкі па «пікапе» і дадаў: «Калі прачытаеш, паразмаўляем больш дэталёва». Так што зараз я знаёмлюся з курсам маладога Дон Жуана і з цікавасцю чакаю працягу размовы.