Расійскія эколагі лічаць здзелку па вывазу атамных адкідаў з Беларусі несумленнай

|

Сёння група «Экаабарона» звярнулася ў Генпракуратуру РФ. Расійскія эколагі патрабуюць праверыць адпаведнасць тамтэйшаму заканадаўству Міжурадавага пагаднення Беларусі і Расіі аб будаўніцтве АЭС у Астраўцы.


Пра падрыхтоўку гэтага дакументу, які прадугледжвае вываз у Расію на перапрацоўку адпрацаванага ядзернага паліва з Астравецкай АЭС, яшчэ тыдзень таму заявіў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк.

 

Як паведаміў эксперт «Экаабароны» прафесар Андрэй Ажароўскі, падпісанне анансаванага пагаднення будзе пярэчыць не толькі расійскаму, але і міжнароднаму заканадаўству.

 

align=”left” >Андрэй Ажароўскі: «Беларусь будзе вырабляць гэтыя адкіды. Таму аніякай прычыны, каб адпраўляць іх у іншыя краіны, няма. Гэта папросту несумленная здзелка. Мы разумеем, што яна выгадная «Росатаму», расійскай карпарацыі па атамнай энергіі. Але яна нявыгадная народу Расіі. Больш за тое, мы глыбока перакананыя, што гэта нявыгадна і для Беларусі. Зірніце, якія аб’ёмы транспартавання будуць з аднаго канца краіны ў іншы! Эшалон з асабліва небяспечным грузам будзе курсаваць некалькі разоў на год, ствараючы магчымасці для радыяцыйнай аварыі, у прынцыпе, на кожнай станцыі»

Паводле інф. belradio.fm

Дарэчы. Эколагі заяўляюць, што кантэйнеры з адкідамі ўрана пры транспарціроўцы па расійскіх чыгунках не ахоўваюцца (nakanune.ru). Так, у ліпені 2006 года актывісты Грынпіс выявілі пад Санкт-Пецярбургам «безгаспадарчы» цягнік з гексафтарыдам урана. Узровень актыўнасці побач з цыстэрнамі ў 40 раз перавышаў нармальны фон.

На фота (Грынпіс Расіі): безгаспадарны цягнік пад З.-Пецярбургам

З пачатку 2007 года Грынпіс Расіі вядзе судовы працэс супраць галандскага ўраду, патрабуючы спыніць увоз радыёактыўных адкідаў у Расію. Па інфармацыі эколагаў, толькі 10% увезенага матэрыялу вернецца ў Нідэрланды. Каля 125 тысяч тон небяспечных адкідаў назаўжды застануцца ў Расіі і далучацца да 700 тысяч тон ужо назапашаных. «Кошт, па якой Расія купляе «каштоўную ўранавую сыравіну», складае 60 цэнтаў за кілаграм. Гэта ў 300 раз ніжэй, чым кошт урану на сусветным рынку, – каментуе Зміцер Артамонаў, кіраўнік офіса Грынпіс Расіі. – Гэта кошт туалетнай паперы!».

 

І нарэшце ў лістападзе мінулага году эколагі Расіі дамагліся сваёй мэты: галандская і нямецкая кампаніі URENCO спыняюць увоз адкідаў уранавай абагачальнай прамысловасці ў Расію.

Фота на застаўцы (http://topmonitor.ru): сховішча атамных адкідаў