Лёс Новага свету застаецца невызначаным
Гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы ўжо некалькі гадоў намагаюцца звярнуць увагу гарадзенскіх уладаў на тое, што ў цэнтры горада паступова разбураецца ўнікальны помнік гарадской архітэктуры канца ХІХ – першай паловы ХХ-га стст. – мікрараён Новы свет.
Як паведамляе сайт harodnia.com, за апошнія гады час гарадзенскія гісторыкі і грамадскія актывісты выдалі кнігу і некалькі часопісаў пра Новы Свет, напісалі дзесяткі газетных артыкулаў, знялі фільм, правялі некалькі мастацкіх і фотаплэнэраў.
Гарадзенскія ж улады не зрабілі нічога.
Той жа сайт надрукаваў учора два адказы, атрыманыя з гродзенскага гарыканкама і з Міністэрства культуры.
Першы ліст падпісаны старшынём гарвыканкаму Б. Казялковым і з’яўляецца адказам на зварот супрацоўнікаў кафедры гісторыі Беларусі ГрДзУ імя Янкі Купалы з просьбай распачаць мерапрыемствы па навуковым вывучэнні Новага Света і яго выкарыстанню як турыстычнага аб’екта.
Гэты зварот, падпісаны загадчыкам кафедры прафесарам Святланай Марозавай, стаў прычынай скандала, бо сп. Казялкоў патэлефанаваў рэктару ГрДзУ Роўбу і папрасіў прадставіць канкрэтныя прапановы. Рэктар даў наганяй дэкану гістфака Эдварду Ярмусіку (маўляў, чаму нехта звяртаецца да мэра праз маю галаву).
У сваім адказе Барыс Казялкоў звяртае ўвагу на тое, што 1/3 пабудоваў у Новым свеце зношаныя больш як на 50%, на хаатычны характар забудовы дваровых тэрыторый гаражамі ды гаспадарчымі прыбудовамі і г.д.
Пытанне пра наданне гэтаму мікрараёну статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці можа быць разгледжана пры карэктаванні планаў рэнавацыі гістарычнага цэнтру горада. Але пра тое, ці будзе гэта рабіцца і калі так, то калі, у лісце не гаворыцца анічога.
Між тым, як вынікае з адказу з Міністэрства культуры, гарадзенскі гарвыканкам яшчэ па выніках рашэння навукова-метадычнай рады Міністэртсва ад 2007 года павінен быў заняцца грунтоўным вывучэннем гродзенскага Новага Свету…
Як паведаміў “Твайму стылю” адзін з актывістаў кампаніі па захаванні Новага свету гісторык Андрэй Вашкевіч, ужо ў бліжэйшыя месяцы можа быць падрыхтаваны новы зварот грамадскасці ў Міністэрства культуры з патрабаваннем зацвердзіць за Новым светам статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і абавязаць гарадзенскія ўлады распрацаваць план дзейнасці па захаванні і дабраўпарадкаванні Новага свету.
Пры гэтым актывісты кампаніі гатовыя прадставіць мясцовым уладам усю магчымую з іх боку дапамогу ў распрацоўцы такога плану.
Прамаруджанне ў гэтай справе можа прывесці да таго, што праз 3-5 гадоў ад унікальнага гісторыка-культурнага ландшафту Новага свету мала што застанецца.
Малюнак А. Русачака