Сталіца неіснуючага княства

| Без катэгорыі

Невялікі горад на самым захадзе Францыі, дзе жыве толькі 250 тыс. чалавек, з гонарам называе сябе метраполіяй. І гэта не гледзячы на ўсяго 3 трамвайныя лініі.


Калі прыглядзецца бліжэй, усё робіцца зразумелым. Тое, што горад меншы за Гродна, яшчэ не значыць, што ён не можа быць шостым паводле памераў у Францыі. Эпітэт Métropole аказваецца не прыкметай мегаламаніі, а адміністрацыйнай адзінкай, якая ахоплівае таксама прыгарады. А трамвайная сістэма дык наогул раптам выяўляецца самай вялікай і сучаснай у краіне. Усё гэта пра Нант.

Нант, ад якога 50 кіламетраў да берага Атлантычнага акіяна, мае яшчэ і іншыя падставы для гонару – некалі ён быў сталіцай. Не Францыі, вядома, але асобнага брэтанскага герцагства, якое захоўвала назалежнасць ажно да 1532 году. Сёння напамінам аб тых часах з’яўляецца велічны замак Брэтанскіх Дзюкаў (герцаг – не самае ўдалае тлумачэнне гэтага тытулу).

У гадавіну падзення берлінскага муру, падзел Брэтані робіцца асабліва актуальным

Што цікава, афіцыйна Нант не ўваходзіць у рэгіён Брэтань пачынаючы ад 1941 года. Тады ўрад Вішы, уводзячы новую арганізацыю тэрыторыі краіны, далучыў Нант да рэгіёну Краіны Луары. Можа, і сапраўды была нейкая логіка ў гэтым дзеянні? Менавіта Луара – самая доўгая рака Францыі – дала Нанту магчымасць развіцця і росквіту.

Адзін са шматлікіх каналаў. Калісці русла Луары было яшчэ больш разгалінаваным, але частку засыпалі.

 

Дзякуючы свайму ўдаламу месцазнаходжанню – даліну Луары перасякае мноства маленькіх рэчак – Нант хутка стаў гандлёвым цэнтрам, спачатку французскага, а потым і сусветнага ўзроўню. На выспах пасярод ракі паўставалі верфі і фабрыкі. А сёння рака дадае разнастайнасці ў гарадскім транспарце: вы можаце скарыстацца паслугамі рачнога трамвая, які тут настолькі ж натуральны сродак перасоўвання, як і аўтобус.

Замак Дзюкаў Брэтані. Сёння там музей гісторыі горада.

Развіццю гораду ў XVII стагоддзі спрыяла таксама хітравумная сістэма «трохкутніка»: у Афрыку нанцкія караблі везлі ўпрыгожванні, адтуль у Амерыку – нявольнікаў, а з Амерыкі ў Еўропу – гэтак званыя каланіяльныя тавары, напрыклад, цукровы траснік, каву ці какаву. У музеі гісторыі Нанта, што два гады таму размясціўся ў адрэстаўраваным замку Брэтонскіх Дзюкаў, гэтай «эканамічнай мадэлі» прысвечана нават асобная зала.

Рэшткі абарончых муроў горадаНейкі мужык на калоне. Я так і не зразумеў, хто

Акрамя замка варта наведаць цэрквы Нанту. Асабліва цікавым павінен быць кафэдральны сабор Пятра і Паўла, да здзіўлення падобны да сабору Нотр-Дам у Парыжы. Гісторыя не злітавалася над ім – неаднаразова пашкоджаны, ён надта пацярпеў у пажары ў 1972 годзе, які быў выкліканы забытым паяльнікам. Побач захавалася адна з гарадскіх брам – апошні фрагмент некалі магутных гарадскіх муроў. Прываблівае таксама значна меншая, але вельмі ўтульная царква Святога Крыжа з незвычайнай вежай, якая, мільгаючы час ад часу ў адтулінах паміж дахаў, звяртае на сябе ўвагу, калі вы ідзеце праз цэнтр горада.

>

Касцёл Святога Крыжа з характэрнай вежай

Сёння Нант удала спалучае даўнюю архітэктуру і сучасныя тэндэнцыі. Праз раку ад вузкіх вулачак Старога Гораду – сучасныя будынкі нантскага «гарвыканкаму» і кангрэс-цэнтру, у якім штогод адбываецца самы вялікі канвент фантастыкі «Utopiales» (як пазней аказалася, горад выбраны невыпадкова).

Каб наш гарвыканкам гэтак выглядаў…

Былыя індустрыяльныя паверхні Нанту ўдала пераўтварыліся ў важныя культурныя кропкі на мапе свету. Гэтак на месцы фабрыкі «LU», дзе паўстала адно з самы вядомых печываў – «Lu Petite», сёння знаходзіцца цэнтр сучаснай культуры Le Lieu Unique (Унікальнае Месца). Ён спалучае ў сабе бар, рэстаран, кнігарню, выставачную залу і канцэртную сцэну.

Калісьці тут паўставалі караблі

Ілюмінацыя ля ракі, з боку былых верфяў

Не стаяць закінутымі таксама партовыя збудаванні: хаця апошні карабель у нанцкіх верфях сышоў на ваду ў 80-ых гадах мінулага стагоддзя, жыццё на выспе сярод Луары сёння можа нават больш актыўнае, чым раней. Былы індустрыяльны раён перапоўнены клубамі. Аднак асаблівай славутасцю былых верфяў ды і ўсяго гораду з’яўляюцца «Les Machines de l’île» (Машыны Выспы) – буйны стымпанк праект, помнік неіснуючай эпохі дырыжабляў і заклёпак, натхненнем для якога была творчасць Жуля Верна. Дарэчы, гэты выбітны пісьменнік і візіянер нарадзіўся менавіта ў Нанце. Тут ёсць яго музей.

Высокатэхналагічны слон. Жуль Верн цешыўся б, як дзіця

Кальмар добры не толькі да піва. Гэты будзе часткай вялікай каруселі

Галоўнай «машынай выспы» з’яўляецца аграмадны, вышынёй 12 метраў, механічны слон, які велічна крочыць па ўзбярэжжы. Акрамя слана, наведвальнікі могуць таксама пазнаёміцца з падрыхтоўкай праекту больш чым дваццацімятровай драўлянай каруселі «Марскі Свет» ці гіганцкага «Дрэва Цаплі». Усё, вядома, у стылі рэтра-фантастыкі, так як гэта калісьці бачыў у сваіх фантазіях Верн.

 

Такім чынам, крызіс традыцыйнай індустрыі два-тры дзесяцігоддзі таму істотна змяніў вобраз Нанту. Горад раптоўна ператварыўся з індустрыяльнага месца ў постіндустрыяльны цэнтр культуры і мастацтва. Сучасны Нант вядомы сваімі музычнымі і кінафестывалямі, адным з самых буйных у краіне ўніверсітэтаў. А яшчэ, ён проста ўтульны. У ім прыемна быць.

 

Дабрацца з Парыжу да Нанту можна за тры гадзіны цягнікамі TGV, кошт каля 50 еўра.

Шпіль Le Lieu Unique

У некаторых месцах можна знайсці малюнкі, звязаныя з папулярнай серыяй гульняў Mario

На развітанне – – яшчэ адзін здымак касцёлу

Фотаздымкі Аляксея Шоты і Сяргея Кузняцова