Невусаты нянь у небацькоўскай хаце

|

Не губляючы ні хвіліны, яны скачуць на мяне, патрабуюць павазіць, пакатаць, пакружыць. Самыя маленькія проста просяцца на рукі.

 

Пачалося ўсё два гады таму, калі я вучыўся на другім курсе. Убачыў аб’яву аб студэнцкай арганізацыі «Тэрыторыя міласэрнасці» і вырашыў да яе далучыцца. Спачатку мы хадзілі раз на месяц у дзіцячы дом: ладзілі невялікія канцэрты, віншавалі з днём нараджэння, уладкоўвалі салодкія сталы. Калі я спачатку адчуваў сябе няўтульна, то выхаванцы дзіцячага дому знаёміліся са мной вельмі ахвотна.

   

З цягам часу, прыкладна праз паўгады, арганізацыя нібы растварылася ў паветры. Але я не мог пакінуць сваіх маленькіх сяброў, таму і стаў хадзіць у дзіцячы дом адзін. З тых часоў я імкнуся наведваць іх не радзей двух разоў на месяц.

 

З малышамi вельмі цікава і адначасова – вельмі складана. У кожнага свая, але яшчэ несфармаваная псіхіка. Яны яшчэ не зусім добра адрозніваюць «добра» ад «дрэнна». На кімсьцi адбіваецца цяжкае становішча ў былой сям’і… Амаль усе выхаванцы дзіцячага дому – дзеці алкаголікаў і наркаманаў, якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў.

>

   

Склалася меркаванне, што выхаванцам дзіцячых дамоў хранічна не хапае адзежы, цацак і ласункаў. Я з абсалютнай упэўненасцю заяўляю, што гэта – не так. Яны кожны дзень атрымліваюць цукеркі, печыва, сыркі, ёгурты. Да многіх прыходзяць сваякі «з гасцiнцамі». Малышоў часцяком проста «высыпае» ад пераядання салодкага. На паліцах – досыць розных кніг, гульняў, галаваломак, канструктараў і іншых цацак. Адзежы хапае. Можа, толькі не заўсёды яна модная, ды і з памерамі бываюць праблемы. А вось чаго ім сапраўды не хапае, дык гэта бацькоўскага клопату, кахання і цеплыні. Дзеткі ў чаргу выстройваюцца, каб я іх панасіў на руках. Яны ў гэты час мяне моцна абдымаюць, хтосьці нават цмокае… А Максiмка, калі яму было два гады, нават зваў мяне «тата».

   

Некаторых дзяцей наведваюць сваякі. Сёння да Леры прыходзіла бабуля. Яна пасядзела з унучкай сам-насам дзесьці паўгадзіны, напрыканцы падаравала ёгурт, сок і печыва. Сок і ёгурт ёй выхавацелька дасць потым, пасля вячэры. А вось пачак печыва Лера адкрыла адразу. Тут жа зразумела, што трэба дзяліцца з усімі. Выхавацелька прапанавала ўсім сесці за стол, каб атрымаць пачастунак. Андрэй узяў некалькі кавалачкаў і падзякаваў сяброўцы. А некаторыя проста хапалі з пачка цэлымі прыгаршчамі, не гледзячы на трохгадовую дзяўчынку ў слязах, якой не хапіла… Леры дасталося менш за ўсіх.

 

Тут дзейнічае прынцып «што ўзяў – маё, што адклаў – знікла». І пакуль старэйшыя хлапчукі «працуюць» на здабычы ласункаў, іх сумленне «адпачывае». Дакладней, няма адкуль гэтаму сумленню ўзяцца. Гэта крыўдна, але гэта праўда. Нават самай лепшай выхавацелькі не можа хапіць на ўсіх…

 

Пасля 2-3 гадзін, якія праводзіш з дзецьмі, у душы пачынаюць змагацца супрацьлеглыя пачуцці: з аднаго боку прыемна бачыць дзіцячыя ўсмешкі, радасныя твары… З другога боку, назіраеш даволі жорсткую барацьбу за цацкі і ласункі, якая часта скончваецца кулакамі і слязьмі. І вельмі цяжка ўсіх супакоіць, растлумачыць, як трэба сябе паводзiць, чаму трэба жыць дружна.

 

Як бы там ні было, мне заўсёды не хочацца сыходзіць, а дзецям – мяне адпускаць. Што ім адказаць на пытанне: «А ты прыйдзеш заўтра?». Вучоба, праца, экзамены, асабістае жыццё… Ім пакуль гэта незразумела. Часам атрымліваецца «спазніцца» на тыдзень. І тады дзеці трохі пакрыўджана вымаўляюць: «Мы цябе чакалі, чаму ты не прыходзіў да нас?!».

 

У чарговы раз падыходзіла да завяршэння нашае спатканне. Дзеці трымалі мяне за рукі, забіралі абутак… Я паспрабаваў растлумачыць – маўляў, ужо позна і мне пара ісці дадому, сям’я чакае – і хуценька замаўчаў. Маленькая Саша спытала мяне: «А што такое сям’я, як гэта – «ісці дадому»?. І гэтыя словы не магчыма забыць, як не магчыма растлумачыць…