Сны зімовага гораду

Горад не бывае «мёртвым», нават у вялікія маразы ў ім бурліць жыццё, хай і не такое яскравае, як у цёплыя дзянькі. Жыццё пераносіцца да снежных горак і лядовых пляцовак. А вось цэнтр вялікімі маразамі адпачывае…


На вузенькіх вулачках і шырокіх праспектах людзей сустракалася менш, чым заўсёды: магчыма, з нагоды маразоў, а можа людзям проста захацелася адпачыць пасля доўгіх студзеньскіх святкаванняў.

 

Раз няма людзей, значыць, іх трэба было шукаць. І мы на мінулым халодным тыдні накіраваліся на пошукі.

Снег рыпіць і пераліваецца рознакаляровымі агеньчыкамі, як у савецкіх мульціках пра Марозку. Ціха, нават самы лёгкі ветрык не скалыхне снегавыя дзюны. А неба! На такое блакітнае і высокае неба ў нашым «туманным альбіёне» забыліся нават старажылы. Адным словам, такое надвор’е нельга ўпусціць. Магчыма, людзі, таксама заўважыўшы прыгажосць зімовай прыроды, накіраваліся ў лес? Але ж мароз больш за 20 градусаў! «Хто такім холадам будзе катацца на лыжах?» – Пытанне майго спадарожніка прагучала даволі лагічна.

>

Птушкі ў снягу – жывыя і штучныя…

Магчыма, людзі адпачываюць ў кінатэатрах: там заўсёды цяпло, ды і новыя фільмы паказваюць. Званок у касу кінатэатра «Кастрычнік» крыху праясніў сітуацыю: залы запоўненыя на 75%. Затое ў касы Лядовага палацу чэргі налічвалі не менш за паўсотні жадаючых пакатацца на каньках.

Не менш людзей тусавалася і на дваровых снежных горках. Разгарачаныя, расчырванелыя дзеці і падлеткі з санкамі, нават з лапатамі для ўборкі снегу, а некаторыя і наогул без усялякіх прылад, весела рагочучы, коцяцца з гары! Хіба можна гэта прамяняць на нейкія тусоўкі на Савецкай плошчы ў тоненькай куртачцы з цыгарэткай у здранцвелых вуснах?! Вядома ж, не.

Студзеньскія фантазіі 

Добра і ў цёплай кватэры, пад пушыстым пледам, з кубачкам гарачай кавы пазіраць у вакно на белы яскравы снег і на горад, які чакае вясновых дзён.

Горад – мёртвы? Горад спіць…

Хтосьці ў ім у вакно глядзіць.

Вецер дзьме. І снег – густы.

І ўзбітымі вяршкамі

Пакрываюцца кусты…

Горад спіць. Тады прачнецца,

Як вясна ў ім пачнецца…