Гродзенскія палякі збіраюцца на акцыю пратэсту

|

Удзельнікі акцыі ў Гародні збяруцца ў 15 гадзін ля шыльды памяці рэпрэсаваных, што ўсталявана на сцяне Дома польскага.

Прэс-сакратар непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў Ігар Банцар: “Ускладзем кветкі, запалім знічкі. Будуць сваякі рэпрэсаваных палякаў, дзеці, унукі.

Гэта добрая нагода, каб ушанаваць памяць ахвяраў і звярнуць увагу на сітуацыю, якая разгортваецца вакол Саюза палякаў сёння.

Праглядаюцца гістарычныя паралелі: 70 год таму рэпрэсіі супраць палякаў пачаліся па нацыянальнай прыкмеце, сёння нашыя правы таксама максімальна абмежаваныя. Калі нехта занадта актыўна заяўляе, што паляк і хоча нешта рабіць, адразу адчуваецца ўціск.

У нас фактычна адабралі маёмасць у Івянцы, у Баранавічах і Барысаве таксама вялікія праблемы.

Людзей папросту цкуюць. Асабліва гэта адчуваецца ў рэгіёнах”.

Сітуацыя вакол непрызнаванага Саюза палякаў на Беларусі асабліва абвастрылася пасля падзеяў вакол Дома польскага ў Івянцы.

Арганізацыю актыўна падтрымалі польскія палітыкі. У бліжэйшы час па гэтай справе прыме рашэнне Еўрапарламент.

З гэтай нагоды з прадстаўнікамі Еўрапарламента ў суботу сустрэнецца Анжаліка Борыс.

На фота: Анжаліка Борыс

Фота з сайта http://telegraf.by