У Гродне будзе працаваць “Універсітэт Залатога веку”

|

Як падтрымліваць сваё здароўе і свой знешні выгляд, спраўляцца са стрэсамі, цікава і з карысцю адпачываць, адукоўвацца і быць карыснымі людзям. Гэта толькі кароткі пералік тэмаў, цікавых удзельнікам першай сустрэчы ў межах праекта “Універсітэт Залатога Веку”, які распачаўся ўчора ў Гродне.


Мэтай праекта з’яўляецца стварэнне для сталых людзей магчымасцей для самаадукацыі, развіцця сваіх здольнасцёй, выкарыстання свайго патэнцыялу на карысць грамадства.

Такога кшталту праекты для сталых людзей ўжо шмат гадоў паспяхова здзяйсняюцца ў многіх краінах свету, у тым ліку – і ў суседніх з намі. У Польшчы гэтак званыя Ўніверсітэты Трэцяга Веку існуюць у многіх вялікіх і малых гарадах і карыстаюцца вялікай папулярнасцю.

Сталыя людзі, якія наведваюць такія Ўніверсітэты, маюць магчымасць падвучыцца таму, што не паспелі ў маладыя гады (замежныя мовы, гісторыя, мастацтва, танцы і г.д.), сустракацца з цікавымі людзьмі (медыкамі, псіхолагамі і інш.), разам адпачываць, дабраахвотна дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Для знаёмства з польскім досьведам працы са сталымі людзьмі ў сакавіку  будзе арганізаваны візіт групы сталых гарадзенцаў ва Ўроцлаў.

Там яны сустрэнуцца са сваімі аднагодкамі з мясцовага Ўніверсітэту Трэцяга Веку, пазнаёмяцца з арганізацыяй працы гэтага ўніверсітэта, возьмуць удзел у яго занятках, сплануюць з дапамогай польскіх калегаў сваю дзейнасць у Гродне.

Па вяртанні з Уроцлава ў Гродне адбудзецца шырокая прэзентацыя ідэі праекта, пасля якой пачнецца праца па стварэнні клубаў па інтарэсах для сталых людзей, правядзенне тэматычных сустрэч (у тым ліку – з моладдзю).

У верасні з візітам у адказ у Гродна прыедуць актывісты Універсітэту Трэцяга Веку з Уроцлава, а таксама прадстаўнікі яшчэ адной уроцлаўскай арганізацыі – Дома сустрэч імя Ангеліўса Сілезіўса.

Менавіта гэтыя арганізацыі з’яўляюцца партнёрамі гарадзенскага грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”, які і з’яўляецца ініцыятарам стварэння Ўніверсітэту Залатога Веку.