Барыста – той, хто ўсё ведае пра каву

|

Барыста – даволі новая прафесія, дакладней – новы «напрамак» у справе абслугоўвання кліента ў рэстараннай сферы. Не трэба блытаць з афіцыянтам! Барыста – гэта чалавек, які не толькі непасрэдна займаецца прыгатаваннем напояў на аснове кавы, але адказвае за атмасферу, якая пануе ў кавярні.

 

Барыста павінен сустрэць госця, паразмаўляць з ім, чым-небудзь заняць, абмеркаваць тую ці іншую «актуальную» тэму. Трэба быць не спецыялістам па націсканні кнопачак на кавамашыне, а знаўцам кавы: яго гісторыі, варыянтаў прыгатавання, спалучэння з іншымі інгрыдыенатмі. Трэба быць адукаванай асобай, каб у часе «працы» з кліентам не выглядаць дылентантам.

 

Я спытала у Алены, чаму яна захацела звязаць свае жыццё менавіта з кавай…

 

– З самага дзяцінства люблю гэты напой. Так, мне дазвалялі бацькі ў малым узросце піць не толькі гарбату і сокі, але і каву. А пасля таго, як я пабывала ў самай першай кавярні Парыжа «Ле Прокап», у мяне з’явілася мара – адкрыць сапраўдную кавярню ў Гродна.

 

– Алена, якой павінна быць ідэальная кава?

 

– Думаю, кава, прыгатаваная ў фрэнч-прэсе (спецыяльная колба са шкла, у якой поршань з сітам аддзяляе кававую гушчу ад напою). Такая кава дае пачуць усе адценні густу. Трэба заліць каву вадой, даць арамату перайсці ў ваду, праз 4 хвіліны апусціць поршань. Для розных варыянтаў кавы павінен быць сваеасаблівы памол.

 

– Як доўга ўтрымлівае смак свежапрыгатаваная кава?

 

– Пасля прыгатавання трэба выпіць каву максімум за 20 хвілін. Але ёсць і выключэнн: эспреса «валодае» самым лепшым смакам у першыя… 10 секунд пасля прыгатавання. За гэтыя імгненні яго трэба выпіць ці ўліць у другі напой, дзе ён стане асновай. Дарэчы, барыста павінен быць вельмі хуткім, рухавым.

 

– Адрозніваеш гатункі кавы ўсляпую? –

 

Праўду кажучы, не заўсёды. Спачатку ўвогуле не разумееш, чым адзін гатунак можа адрознівацца ад іншага. Гэта прыходзіць з вопытам, з часам.

 

Алена стажыравалася ў Маскве, куды яе з напарніцай адкамандзіраваў працадаўца. Там за 2 месяцы дзяўчаты вывучалі «сутнасць» кавы, яе гатункі, практыкаваліся працаваць з рознымі кавамашынамі. Ужо праз месяц стажыраваліся ў адной з кавярняў сеткі Starbucks. Трэба было прайсці некалькі этапаў: трэнінгі ў цэнтры, практыка ў рэстарацыях. Алена адразу стала «галоўнай па змене».

 

– Твая мара супала з рэальнасцю?

 

– На палову. Я марыла мець уласную кавярню, а не працаваць у чужой. Але не ўсё атрымліваецца адразу. Маю намер звальняцца, каб паехаць у Маскву стажыравацца далей. А зараз трэба «назбіраць» крыху грошаў, пачатковага капіталу….

 

У гэтай прафесіі ёсць свае плюсы і мінусы. Але іх не аднолькавая колькасць. Пераважаюць вольны графік працы, добрае кола каваманаў, якія заўсёды могуць ацаніць таленты барысты ды і проста перайсці ў кола сяброў. А яшчэ высокі заробак, што вельмі важна для будучай гаспадыні кавярні. А зараз некалькі рэцэптаў кавы ад Алены-барысты.

 

Эспрэса «кон пана»: 7 г кавы тонкага памолу, 25 г раслінных вяршкоў, цёрты шакалад ці гарэхавая стружка. Зварыць стандартную порцыю класічнага эспрэса, на прыгатаваную каву з кандытарскага сіфона выкласці вершкі горкай, пасыпаць шакаладам ці стружкай.

 

Фрапэ: Вам спатрэбіцца шклянка зваранай кавы, некалькі кавалачкаў ільду, цукар. У блэндары змешваць інгрыдыенты, пакуль лёд не ператворыцца ў асобныя крысталы, а па колеру будзе здавацца, што у напоі знаходзіцца малако. Падаваць трэба ў высокіх бакалах.

Фота http://allday.ru