“Праспект кахання – завулак радасці”

Свята арганізавана супрацоўнікамі эколага-біялагічнага цэнтра, навучэнцамі яго гурткоў і Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

 

– Для моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў нас распрацавана асобная праграма, паводле якой мы займаемся з імі раслінамі, флорадызайнам і садаводствам, – кажа настаўніца групы Жана Кірэй. – Займаемся з маладымі інвалідамі з пачатку гэтага навучальнага года. Яны ходзяць у гурткі разам са звычайнымі вучнямі, навучаюцца не горш за іх. Бывае так, што некаторыя рэчы яны бачаць і адчуваюць нават лепей, чым мы. Упершыню мы агранізавалі для іх Новы год, цяпер вырашылі адсвяткаваць Дзень Святога Валянціна.

 

Паміж конкурсамі ўдзельнікі мелі магчымасць танцаваць і знаёміцца. Дзеля гэтага і было арганізавана свята. Моладзь дзялілі на пары і яны малявалі сімвал свята – сэрца, танчылі на газетах і сумесна рабілі прадстаўленне.

– Гэтым трэба займацца хаця б на такім ўзроўні, – падзялілася з ТС сваім меркаваннем дырэктарка цэнтра Святлана Зязюля. – Бо іншых магчымасцяў у нас няма. Усё робім сваімі сіламі. Але з такой моладзю не так і цяжка працаваць, яны не агрэсіўныя і робяць усё з захапленнем. Калі заручымся падтрымкай больш высокіх устаноў, пачнем ладзіць мерапрыемствы на другім ўзроўні.

Фота Лізаветы Нікольскай