Канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча ў Гродне: глядзі і слухай

|

Поўную залю гарадзенскага тэатру лялек сабраў у пятніцу Зміцер Вайцюшкевіч. Глядзіце і слухайце рэпартаж у “Тваім стылі”.


Гэта быў, бадай што, самы цёплы і душэўны канцэрт у Гродне за апошнія гады.

Расчулены спявак не раз і не два прызнаваўся гарадзенцам у каханні і атрымліваў не менш цёплыя пачуцці ў адказ.

>

Адметнасцю выступаў Вайцюшкевіча даўно з’яўляецца яго здольнасць наладзіць кантакт з заляй.

Вось і гарадзенцы з першых хвілінаў прыпявалі ды пляскалі ў далоні, наўзлёт лавілі жарты артыста, разам з ім пускалі слязу ў час песні пра сцяг.

 

Сапраўдны фурор зрабіла новая песня Вайцюшкевіча пра беларускіх мужчын.

– Беларускі мужчына жыве ў самым цэнтры Еўропы.

Калі верыць мапе – у гэтым самым цэнтры стаіць канапа і беларускі мужчына ляжыць на канапе…

Яго дом перажыў рамонт, яго кот перажыў кастрацыю…

Ён кажа, што можа быць горш – і ён мае рацыю!

 

Здаецца, гэтак трапна слабасці моцнай паловы беларусаў яшчэ не перадаваў у песні аніводзін з выканаўцаў.

У канцы канцэрта ў чаргу па аўтограф да спявака стала ці не палова залі.

Без увагі Вайцюшкевіча не засталіся і самыя маленькія аматары яго творчасці.

 

Фота Вітаўта Рудніка